У ЗША вырабілі першы знішчальнік F-35 Lightning II Hussarz спецыяльна для Польшчы
- 28.08.2024, 20:55
Фотафакт.
У ЗША ў сераду, 28 жніўня, паказалі першы знішчальнік пятага пакалення F-35 Lightning II Hussarz, які вырабілі спецыяльна для Польшчы. Пра гэта паведаміла польскае Міністэрства нацыянальнай абароны ў сацсетцы X.
Як адзначылі ў польскім ведамстве, прэзентацыя знішчальнікаў пачалася на заводзе ў Форт-Уорце ў штаце Тэхас а 17:00 паводле польскага часу.
«Гэта яшчэ адна вяха ў трансфармацыі польскіх узброеных сіл. Гэта ператварэнне ў выдатна абсталяванае, выдатна падрыхтаванае і выдатна кіраванае войска», - заявіў намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Павел Бэйда.
Першыя два знішчальнікі F-35 павінны прыбыць на авіябазу Эбінг у Арканзасе ў снежні 2024 года, там польскія пілоты пачнуць навучанне.
F-35 – гэта малапрыкметны шматцэлевы знішчальнік пятага пакалення, распрацаваны амерыканскай фірмай Lockheed Martin Aeronautics Company.
У пачатку 2023 года толькі палова амерыканскіх знішчальнікаў F-35 была гатовая да выканання баявых задач, заяўлялі ў Пентагоне.