Трамп абяцае ХАМАСу «сапраўднае пекла»
- 3.10.2025, 18:28
У тэрарыстаў ёсць час да нядзелі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ХАМАС павінен пагадзіцца на прапанаванае мірнае пагадненне для сектара Газы да вечара нядзелі, 5 кастрычніка. Ён пагразіў, што баевікі сутыкнуцца з новымі нападамі, калі гэтага не зробяць, паведамляе AP.
«Пагадненне з ХАМАСам павінна быць дасягнута да вечара нядзелі ў 18:00 па вашынгтонскім часе… Кожная краіна падпісала пагадненне! Калі гэта пагадненне апошняга шанцу не будзе дасягнута, супраць ХАМАСа пачнецца сапраўднае пекла, якога ніхто раней не бачыў. На Блізкім Усходзе будзе мір, так ці інакш», — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social у пятніцу, 3 кастрычніка.
Паводле прапановы Трампа, Газа пяройдзе пад кантроль часовага ўрадавага камітэта, на чале з самім Трампам. Да гэтага працэсу таксама будзе прыцягнуты былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэр.
Грамадзянскае насельніцтва не будзе абавязана эвакуявацца з тэрыторыі, пра што Трамп ужо заяўляў раней. ХАМАС будзе абавязаны раззброіцца і вызваліць усіх астатніх закладнікаў. Тыя, хто выжыў з баевікоў, змогуць пакінуць тэрыторыю.
ХАМАС ужо раней заяўляў, што вывучыць прапанову. Трамп паведаміў журналістам, што ў групоўкі будзе «тры–чатыры дні» на адказ.