У Беларусі заблакіраваныя амаль пяць тысяч літоўскіх фур
- 31.10.2025, 22:17
На мяжу з Латвіяй і Польшчай ім ехаць забараняецца.
Пасля фактычнай забароны беларускімі ўладамі перасячэння дзяржаўнай мяжы для аўтамабіляў з літоўскімі нумарамі Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў, колькі такіх цяпер на тэрыторыі Беларусі.
«На тэрыторыі Беларусі аказаліся заблакіраваныя амаль 5 тысяч адзінак літоўскіх цягачоў і прычэпаў, якія змогуць пакінуць краіну толькі пасля адкрыцця мяжы літоўскімі ўладамі», — паведамілі ў ДМК.
Згодна з пастановай, падпісанай прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным, грузавым аўтамабілям, цягачам і прычэпам (паўпрычэпам) з літоўскай рэгістрацыяй дазваляецца перасякаць дзяржаўную мяжу толькі на беларуска-літоўскім участку, які цяпер закрыты. На мяжу з Латвіяй і Польшчай ім ехаць забараняецца.