Віктар Бабарыка не змог наўпрост адказаць на пытанне, чый Крым
- 16.12.2025, 21:38
Экс-палітвязень заявіў, што для яго «немэтазгодна» адказваць на пытанне пра прыналежнасць паўвострава.
Былы кіраўнік «Бегазпрамбанка» Віктар Бабарыка, вызвалены 13 снежня з турмы і вывезены ва Украіну, не змог канкрэтна адказаць на пытанне ўкраінскага блогера Уладзіміра Золкіна пра прыналежнасць Крыму.
Інтэрв’ю з экс-палітвязнем блогер апублікаваў на сваім YouTube-канале.
«Гэта ўвогуле найскладанейшае пытанне (пра прыналежнасць Крыму. – Заўв.). Калі звяртацца да гісторыі, там увогуле такая цемра, што я на гэтае пытанне не гатовы адказваць тое самае. Мой адказ 2020 года… Мяне за яго раскрытыкавалі, за няведанне гісторыі, таму я змоўк і сказаў: Не ведаю. <...> З пункта гледжання, напэўна, юрыдычнага, Крым (калі там не скасаваныя дамовы, калі яго там далучалі), то… так. У дэталях таксама буду пазбягаць адказу на прамое пытанне, таму што, зноў жа, калі я скажу пра рэферэндум, мне скажуць пра юрыдычную несапраўднасць гэтага рэферэндуму. <...> Я не гатовы гэта каментаваць у публічнай прасторы. Давайце пакінем такі адказ», — сказаў Бабарыка.
Экс-банкір дадаў, што гэта яго ўнутраная пазіцыя (пра прыналежнасць паўвострава. – Заўв.). Ён паведаміў, што для яго цяпер немэтазгодна адказваць на гэтае пытанне наўпрост. Бабарыка таксама адзначыў, што ў гэтым пытанні на яго ніхто не цісне.
Таксама экс-банкір не змог адказаць на пытанне, хто на каго напаў, спаслаўшыся на недахоп інфармацыі адносна вайны РФ супраць Украіны.
Акрамя таго, Бабарыка заявіў, што не можа ўявіць сабе ваенны канфлікт паміж РФ і Беларуссю. Паводле яго слоў, прычын для канфлікту паміж краінамі няма.
Нагадаем, у маі 2020 года Віктар Бабарыка назваў Крым грэчаскім. «Ёсць такое папулярнае пытанне: чый Крым? Ёсць прыгожы адказ — грэчаскі», — адказаў экс-банкір на пытанне «Нашай Нівы» пра прыналежнасць паўвострава.
Заўважым, у верасні 2020 года былая кіраўніца перадвыбарчага штаба Марыя Калеснікава у інтэрв’ю ўкраінскаму выданню Lb.ua заявіла, што згодная з афіцыйнай пазіцыяй рэжыму Лукашэнкі адносна прыналежнасці Крыму. «Думаю, вы яе ведаеце. Дэ-факта Крым — гэта тэрыторыя Расіі, дэ-юрэ — гэта тэрыторыя Украіны», — сказала тады Калеснікава.
Віктар Бабарыка да мая 2020 года ўзначальваў «Белгазпрамбанк», беларускую даччыную структуру «Газпрамбанка», які, у сваю чаргу, належыць расійскаму «Газпраму». Сваю пасаду Бабарыка пакінуў пасля абвяшчэння пра намер узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.