НАТА падняла ў неба знішчальнікі
- 25.12.2025, 14:46
Пасля пралёту расійскіх бамбардзіроўшчыкаў над Брытаніяй.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін накіраваў ядзерныя бамбардзіроўшчыкі для дэманстрацыі сілы паблізу паўночнай часткі Вялікабрытаніі, здзейсніўшы калядны палёт на вялікую адлегласць над Нарвежскім морам. Пра гэта паведамляе Mirror.
Пасля гэтага НАТА была вымушаная падняць у паветра знішчальнікі для суправаджэння расійскіх самалётаў. Знішчальнікі Су-33 суправаджалі бамбардзіроўшчыкі Ту-95МС, што, на думку журналістаў, магло быць наўмыснай спробай справакаваць Захад паблізу маршруту палёту Санта-Клаўса з Паўночнага полюса.
«Бамбардзіроўшчыкі Ту-95МС далёкага радыюсу дзеяння расійскіх Паветрана-касмічных сіл здзейснілі запланаваны палёт у паветранай прасторы над нейтральнымі водамі Барэнцавага і Нарвежскага мора. Працягласць палёту склала больш за сем гадзін», — паведамілі ў Мінабароны РФ.
У ведамстве дадалі, што на асобных участках маршруту бамбардзіроўшчыкі суправаджаліся знішчальнікамі замежных дзяржаў, аднак не ўдакладнілі, якія менавіта сілы НАТА перахапілі самалёты Ту-95МС.