BE RU EN

Тры факты пра таемнае жыццё Лукашэнкі

  • 5.12.2025, 15:29

Прэс-служба дыктатара гэта ўтойвае.

У гэтыя дні правіцель, відаць, сумяшчае «прыемнае з карысным». «Салідарнасць» распавяла, што вядома пра неафіцыйныя адпачынкі Лукашэнкі.

Прэс-служба правіцеля ўтойвае яго адпачынкі

У 2024 годзе правіцель заявіў падчас зносін са студэнтамі: «Я ні разу за ўсе свае прэзідэнцкія гады па-сапраўднаму ў адпачынку не быў. Толькі дома я магу адпачыць, хаця цяжка сказаць, што гэта адпачынак».

Насамрэч гэта, вядома, няпраўда (як і многае іншае, што гучала з ягоных вуснаў дзесяцігоддзямі). Яшчэ гадоў дзесяць таму прэс-служба правіцеля афіцыйна паведамляла пра знаходжанне палітыка ў адпачынку. Але пасля перастала гэта рабіць, ужываючы фармулёўкі пра «працяг рабочага візіту», «непублічныя сустрэчы», «нефармальныя зносіны» і г.д.

Чаму атачэнне Лукашэнкі больш не прызнаецца ў тым, што правіцель адпачывае ў той ці іншай краіне? Можна толькі здагадвацца.

Магчыма, справа ў тым, што правіцель не гатовы паводзіць сябе, як кіраўнікі дэмакратычных дзяржаў: адпачываць за ўласны кошт. Калі абвясціць, што Лукашэнка паляцеў у адпачынак, — але пры гэтым на дзяржаўным «Боінгу», а яго паездка аплачваецца з бюджэту, — то нават не ўсе прыхільнікі правіцеля змогуць такое прыняць.

Улюбёныя курорты Лукашэнкі — Сочы і ААЭ

У дэмакратычных краінах, напрыклад у Еўропе, правіцель за сваё жыццё амаль не адпачываў. Згаджацца на ўмовы адкрытасці і дэмакратычнасці — не ў ягоным духу. Стыль Лукашэнкі — закрыцца са світай ад чужых вачэй.

Амаль увесь перыяд прэзідэнцтва ён любіў адпачываць у расійскім Сочы. Прычым доўгі час — двойчы на год: зімой, калі можна было пакатацца на лыжах, і ў верасні — калі спякота на курорце спадала, але цяпло заставалася. За адну паездку правіцель мог правесці ў Сочы пад дзве тыдні.

З сярэдзіны 2010-х Лукашэнка ўпадабаў курорты ў Эміратах. Калі ў Беларусі халодная пара года, ён праводзіць там каля тыдня — у лістападзе, снежні, студзені або лютым.

У 2019-м правіцель шчыра прызнаўся, што едзе ў адпачынак у ААЭ, каб «абмакнуць ногі ў заліў».

Сёлета Лукашэнка з невядомай прычыны змяніў курорт на суседні Аман. Праўда, гэтай зімой, магчыма, будзе яшчэ і неафіцыйны адпачынак у ААЭ.

Лукашэнку будуюць новую рэзідэнцыю ў Сочы

У Сочы правіцель раней спыняўся ў апартаментах на тэрыторыі комплексу адпачынку «Беларусь», што ў Чырвонай Паляне. Апошні раз ён доўга адпачываў у Сочы ў 2022 годзе — у маі і верасні.

У 2023-м Лукашэнка заявіў:

— Яхта, спякота, сонца — гэта не маё. Калі зімой паехаць у горы, лепшага, чым Сочы, месца няма. У нас там ёсць дзяржаўная база, гасцініца. Мне больш нічога не трэба.

Аднак, як высветлілася, насамрэч Лукашэнку для адпачынку цяпер трэба значна больш — «дзяржаўная база» яго ўжо не задавальняла.

Мінулым годам расследавальнікі даведаліся: Лукашэнка сакрэтным распараджэннем загадаў прадаць у Чырвонай Паляне ўчастак з уласнасці Рэспублікі Беларусь расійскай прыватнай фірме «Комплекс‑Інвест». Цяпер там будуюць хоць і неафіцыйную, але «першую публічна вядомую замежную рэзідэнцыю» Лукашэнкі.

Нядаўна «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» паказаў кадры з месца будоўлі.

Аб’ект плануецца дабудаваць да канца гэтага года.

Верагодна, ужо даволі хутка мы ўбачым Лукашэнку ў яго любімым Сочы, а прэс-служба правіцеля раскажа нам пра яго «рабочую паездку» і «непублічныя сустрэчы».

Апошнія навіны