32-гадовага беларуса затрымалі ў Польшчы за кантрабанду цыгарэт з дапамогай метэазондаў
- 5.12.2025, 16:16
Кошт канфіскаваных цыгарэт — больш за $27 500.
Супрацоўнікі Аператыўна-следчага ўпраўлення Службы нацыянальнай бяспекі Польшчы разам з памежнікамі спынілі легкавы аўтамабіль падчас выканання службовых абавязкаў непадалёк ад Бяла-Падляскі. Двое мужчын перавозілі ў багажніку некалькі ўпакоўкаў кантрабандных беларускіх акцызных цыгарэт на суму больш за 100 000 злотых. Цыгарэты былі дастаўленыя ў Польшчу на метэазондзе. Вадзіцель і пасажыр былі затрыманыя супрацоўнікамі, паведамляецца на сайце.
Затрыманыя — 38-гадовы грамадзянін Польшчы і 32-гадовы грамадзянін Беларусі. Абодвум будуць прад’яўлены абвінавачанні ў кантрабандзе цыгарэт і кіраванні паветраным суднам з парушэннем правілаў паветранага руху, што дзейнічаюць у адпаведным раёне. Гэтыя правапарушэнні караюцца штрафам і пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў. Акрамя таго, грамадзяніну Беларусі будзе забаронены ўезд у краіну тэрмінам на пяць гадоў.