BE RU EN

Лукашэнка і Круты звар’яцелі?

  • Марк Дзюба, «Салідарнасць»
  • 9.12.2025, 13:58

Чыноўнік проста выконвае ўстаноўку дыктатара.

Пасля пэўнай паўзы Дзмітрый Круты нарабіў шуму сваёй новай ідэяй: маўляў, Беларусь намерваецца стварыць свой грамадзянскі самалёт да 2030-га года. Адкуль растуць ногі ў дзіўных ініцыятыў чыноўніка?

Нядаўна кіраўнік Адміністрацыі правіцеля заявіў: «Мы будуем некалькі вытворчых карпусоў — ад афарбоўкі да вырабу складаных даўгамерных дэталяў для самалётаў, імпартазамяшчэннем якіх займаюцца расійскія вытворцы. Але ўсё гэта разавыя заказы, сістэмнай працы пакуль, на жаль, няма…

Наша задача — гэта новая школа, новыя кампетэнцыі, якія мы павінны ў сябе ў рэспубліцы стварыць. А вяршыняй авіяцыйнага плану будзе стварэнне грамадзянскага самалёта, паўнавартаснага, да 2029–2030 гадоў. Разгорнута вялікая работа, і яна працягваецца».

То бок, Дзмітрый Круты кажа, што ва ўмовах стагнацыі беларускай эканомікі, якая пагаршаецца пад ціскам заходніх санкцый, варта паспрабаваць з нуля стварыць айчынны самалёт. Гм.

Варта нагадаць, што Дзмітрый Круты «аджыгае» не ўпершыню. Некалькі разоў яму ўдавалася пераплюнуць самога Аляксандра Лукашэнку. Падчас працы паслом у Расіі чыноўнік выдаваў ідэі нават круцей за цяперашнюю.

У 2023-м Круты заявіў, што Беларусь можа пабудаваць у Расіі… «уласны рачны флот».

У 2024-м прадстаўнік Мінска выступіў з ідэяй будаўніцтва «поўнасцю беларускага порта» ў Прыморскім краі РФ (г. зн. за 7 тысяч кіламетраў ад Беларусі) — для транзіту тавараў у Кітай.

У тым жа годзе Круты паведаміў, што Беларусь разглядае «магчымасць удзелу ў праграме будаўніцтва атамнага флоту, які будзе забяспечваць адпаведную навігацыю ў складаных пагодных умовах». Навошта? Каб перапраўляць беларускія тавары ў Кітай праз льды Паўночнага Ледавітага акіяна...

На гэтым фоне ідэя стварэння з нуля беларускага грамадзянскага самалёта выглядае не тое што сціплай, але ўжо як бы і не ўражвае шырынёй думкі і фантазіі.

Але што характэрна: пасля агучвання папярэдніх вар’яцкіх ідэй Крутага не тое што, мякка кажучы, не апусцілі на зямлю, а адправілі на павышэнне — у крэсла кіраўніка Адміністрацыі правіцеля. Чаму ж?

Верагодна, адказ у тым, што сваімі цуднымі ідэямі чыноўнік проста выконвае ўстаноўку Лукашэнкі: любымі спосабамі ўлезці ў расійскія інвестыцыйныя праграмы, каб атрымаць фінансаванне для беларускіх прадпрыемстваў.

Правіцель і сам стараецца як можа: толькі нядаўна апусціў рукі пасля доўгіх няўдалых спроб атрымаць фінансаванне на будаўніцтва другой АЭС.

Таму — не, Дзмітрый Круты не звар’яцеў. Тое, што чыноўнік адэкватна ацэньвае рэальнасць, бачна па яго іншых выказваннях.

Амаль адначасова са заявай пра планы стварыць беларускі самалёт чыноўнік выказаў занепакоенасць тым, што ў Расіі беларусы «прайгралі некалькі конкурсаў на пастаўку тралейбусаў з аўтаномным ходам». Круты мае намер «праводзіць унутранае расследаванне і разбіральніцтва».

Так што задачы-мінімум для яго цалкам зразумелыя. Што не азначае, што ў будучыні мы не пачуем ад Крутага і іншых прадстаўнікоў рэжыму новыя цудныя ідэі.

Марк Дзюба, «Салідарнасць»

Апошнія навіны