Новы ўдар знішчыў помпавую станцыю пад Бранскам і спыніў працу нафтаправода «Дружба»
- 24.08.2025, 21:55
Станцыя «Унеча» мае ключавое значэнне для транспартавання расейскай нафты.
Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі знішчэнне помпавай станцыі на станцыі «Унеча» ў Бранскай вобласці. Гэта прывяло да прыпынення нафтаправода «Дружба».
Адпаведны спадарожнікавы здымак апублікаваў Telegram-канал Exilenova+. Як піша Militarnyi, на здымку відаць, што ўдары ўкраінскіх дронаў прывялі да пажару, у выніку якога было цалкам знішчана памяшканне самой помпавай станцыі і некалькі меншых тэхнічных памяшканняў і тэхналагічнае абсталяванне.
Выданне адзначыла, што «Унеча» мае ключавое значэнне для транспартавання расейскай нафты ў порт Усць-Луга, на які прыпадае значная частка экспартных паставак расейскай нафты і перапампоўкі нафты ў Славакію і Вугоршчыну.
Атака на нафтаправод «Дружба»
Новую атаку на станцыю ўкраінскія дроны здзейснілі 21 жніўня, пра што паведаміў камандзір сіл беспілотных сістэм УСУ Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзьяр».
На наступны дзень міністр замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта паведаміў, што трубаправод спыніў перапампоўванне нафты.
Гэта ўжо другі ўдар па гэтай нафтаперапамповачнай станцыі, першы быў ажыццёўлены 12 жніўня.