BE RU EN

Бэрлін і Брусэль: Украіна змагаецца за свабодную Еўропу

  • 24.08.2025, 21:17

«Мы непахісна стаім на іх баку - сёння і ў будучыні».

Нямеччына працягне падтрымліваць Украіну, якая ўжо чацвёрты год абараняецца ад расейскай агрэсіі. Гэта вынікае з паведамлення канцлера ФРГ Фрыдрыха Мэрца (Friedrich Merz), апублікаванага ім у мікраблогу X у нядзелю, 24 жніўня, у сувязі з Днём незалежнасці Украіны, піша «Нямецкая хваля».

- З вялікай мужнасцю ўкраінкі і ўкраінцы абараняюцца ад расейскіх нападаў. Яны змагаюцца за наш свабодны парадак у Еўропе і справядлівы свет, - напісаў кіраўнік нямецкага ўрада. - У Дзень незалежнасці мы непахісна стаім на іх баку - сёння і ў будучыні.

Аналагічна выказалася ў сваім віншаванні ўкраінцам старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen).

- Свабодная, дэмакратычная і незалежная Украіна. Вось за што мы змагаемся. Вось на што накіраваны ўсе нашы намаганні. Мы застаёмся на вашым баку, пакуль гэта неабходна. Бо свабодная Украіна азначае свабодную Еўропу, - напісала яна ў сацсетцы X.

Са свайго боку кіраўнік нямецкай дзяржавы-прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер (Frank-Walter Steinmeier) - так звярнуўся да ўкраінцаў у віншаванні, якое цытуе ў сацсетцы X ад яго імя прэс-сакратар Керсцін Гамелін (Cerstin Gammelin):

- Жадаю вам, каб гэтае святкаванне незалежнасці надало ўкраінкам і ўкраінцам новай мужнасці супрацьстаяць расейскай агрэсіі.

Падсвятленне ў колерах ўкраінскага сцяга

Віншаванні ўкраінцам у Дзень незалежнасці іх краіны накіравалі і іншыя сусветныя палітычныя лідары, у тым ліку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэм'ер-міністр Канады Марк Карні, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер.

У гонар Дня незалежнасці Украіны колерамі нацыянальнага сцяга гэтай краіны падсвятлілі будынкі Еўрапейскай рады, Еўрапарламента і Еўракамісіі, парламента Канады ў Атаве, МЗС Латвіі ў Рызе.

Апошнія навіны