BE RU EN

У 60 кіламетрах ад Мінска будуюць сакрэтную ваенную базу

  • 10.09.2025, 12:45

Фотафакт.

У Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка актыўна ідзе будаўніцтва аб’екта, які эксперты называюць стратэгічным у ваенным плане для беларускіх уладаў і выказваюць здагадку, што тут можа быць размешчаны расійскі балістычны ракетны комплекс «Арэшнік». Гэта высветлілі журналісты беларускай службы «Радыё Свабода», аналізуючы спадарожнікавыя здымкі кампаніі Planet Labs у межах сумеснага праекта з камандай «Схемы» украінскай службы «Радыё Свабода» і эстонскімі выданнямі Delfi Estonia і Eesti Ekspress.

Будаўніцтва на гэтым месцы пачалося амаль год таму, у чэрвені 2024 года. На дадзены момант плошча забудовы складае больш за 2 квадратныя кіламетры. Гэта каля 280 футбольных палёў. Аб’ект мае чатыры асобныя часткі — асноўную і тры амаль роўныя паміж сабой па плошчы побач. Усе яны злучаюцца нанова пабудаванымі дарогамі.

Паколькі будаўніцтва яшчэ не завершана, экспертам, з якімі паразмаўлялі журналісты, складана ацаніць, які менавіта ваенны аб’ект тут з’явіцца.

Аднак можна зрабіць выснову, што праект робіцца таемна. «Свабода» не знайшла ніякіх згадванняў пра пачатак будаўніцтва ў публічных афіцыйных дакументах, пра гэта не пішуць у мясцовых медыя, няма і свежых пазнак у кадастравых картах пра выдзяленне зямельных надзелаў для будаўніцтва такога роду аб’ектаў. Ні Аляксандр Лукашэнка, ні ягоныя чыноўнікі таксама не анансавалі нічога падобнага.

Але яшчэ ў маі 2024 года ў сюжэце дзяржаўнага «ВоенТВ» гэтае месца выглядала вось так:

Сакрэтная савецкая ваенная база з ядзернай зброяй

Месца, дзе ідзе будоўля, мае ваеннае мінулае. Менавіта ў гэтых лясах з канца 1959 да 1993 года размяшчаўся ваенны гарадок слуцкага 306-га ракетнага палка стратэгічнага прызначэння. З 1960 года пры ім стварылі 1057-ю рамонтна-тэхнічную базу, якая займалася «ядзерна-тэхнічным забеспячэннем» гэтага падраздзялення.

Ракеты, якія знаходзіліся тут у савецкі час, неслі пагрозу спачатку ўсёй Еўропе, а пазней і Злучаным Штатам Амерыкі.

Спачатку гэта былі ракеты сярэдняй далёкасці наземнага базіравання Р-12 (SS-4) з радыусам дзеяння да 2,1 тысячы кіламетраў, з 1981 года тут з’явіліся самаходныя баявыя комплексы РСД-10м «Піянер» (SS-20) з далёкасцю дзеяння да 5 тысяч кіламетраў. З 1989 года полк прайшоў перавузбраенне на стратэгічныя ракетныя комплексы «Топаль» (SS-25) з далёкасцю дзеяння да 11 тысяч кіламетраў.

У 1993 годзе Беларусь далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Яна стала першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад магчымасці валодання зброяй, што засталася ў краіне пасля распаду СССР. У тым жа годзе слуцкі 306-ы полк быў зняты з баявога дзяжурства і перадыслакаваны ў Расію, дзе пазней быў расфармаваны.

У верасні 1996 года тут яшчэ знаходзілася артылерыйская база боепрыпасаў, на якой адбыўся пажар з дэтанацыяй снарадаў. Як пішуць мясцовыя медыя, выбухі гучалі некалькі дзён, а чулі іх аж за 20 кіламетраў, у Слуцку.

Пасля таго выпадку ваенны аб’ект пад Паўлаўкай прыйшоў у запусценне. А ў адной з яго частак у 2005 годзе нават адкрылі Лячэбна-працоўны прафілакторый № 3. У якім, як раней пісала «Свабода», 10 жніўня 2020 года спрабавалі зрабіць нешта падобнае да канцэнтрацыйнага лагера для пратэстоўцаў.

Але на іншых участках былой сакрэтнай базы дагэтуль яшчэ захоўваліся ў занядбаным выглядзе фартыфікацыі, стартавыя пляцоўкі ракет, шахты, бункеры, ангары і іншыя ваенныя збудаванні.

У 2019 годзе адзін з прадпрымальнікаў хацеў пабудаваць на адным з невялікіх участкаў ваеннага гарадка прадпрыемства для перапрацоўкі нафтазабруджаных грунтоў. У канцы 2020 года гэты зямельны надзел спрабаваў забраць слуцкі райвыканкам, але яму адмовіў Вярхоўны суд. Чым скончылася гісторыя, невядома. Але выглядае малаверагодным, каб невялікая прыватная кампанія змагла арганізаваць будаўніцтва на такой вялікай тэрыторыі.

«Другое жыццё» ваеннага гарадка

Прыблізна з вясны 2024 года тэрыторыю пачалі «асвойваць» па-новаму. Спачатку сюды прыехалі сапёры супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл для расчысткі тэрыторыі ад снарадаў. Работы доўжыліся амаль усю вясну і скончыліся толькі 7 чэрвеня 2024 года. Як паведамілі вайскоўцы, за гэты час яны знішчылі 2800 боепрыпасаў на плошчы каля 2,5 квадратных кіламетраў.

З 16 чэрвеня 2024 года тут пачалася расчыстка тэрыторыі ад лесу і земляныя працы. Найбольш актыўны перыяд будаўніцтва прыпаў на 2025 год.

За гэты час у заходняй частцы аб’екта высеклі больш за квадратны кіламетр лесу і ўзвялі 13 складаў боепрыпасаў памерам 30 на 20 метраў, акружаных абарончымі сценамі. Тут таксама пабудавалі тры ангары даўжынёй 100 метраў, заклалі фундаменты рознага кшталту будынкаў, адзін з іх у форме літары «П» даўжынёй амаль 270 метраў. Усе гэтыя пабудовы злучае сетка аўтамабільных дарог, на большасці з якіх ужо ляжыць асфальт.

Паўночны ўчастак будаўніцтва каля вёскі Паўлаўка размешчаны на землях, якія яшчэ летам былі задзейнічаныя ў сельскай гаспадарцы. Цяпер тут ужо відаць 8 каркасаў будынкаў, падобных да ангараў.

На самым усходнім участку будаўніцтва бачны каркас будынка даўжынёй амаль 150 метраў, будуюцца земляныя насыпы.

На паўднёва-ўсходнім участку будаўніцтва яшчэ вядуцца земляныя працы, відаць фармаванне некалькіх дарог. Магчыма, ён невыпадкова знаходзіцца на самым высокім узгорку Слуцкага раёна, што можа сведчыць пра верагоднае размяшчэнне тут, напрыклад, сістэм супрацьпаветранай абароны.

На форумах сталкераў можна знайсці такое апісанне гэтага месца:

«Гара Сігнальная — найвышэйшае месца Слуцкага раёна, вежа належала роце сувязі ракетчыкаў»

Што ўсё гэта азначае

Каб разабрацца, што ж за аб’ект будуюць у Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка, журналісты звярнуліся да ваенных экспертаў і аналітыкаў. Усе яны сходзяцца ў меркаванні, што аб’ект асаблівы і можа мець стратэгічнае значэнне.

Канрад Музыка, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца даследаваннем і аналізам бяспекі на постсавецкай прасторы, адзначае ў каментары «Свабодзе», што ўсе аб’екты злучаныя паміж сабой дарогай і паміж імі «існуе істотная сувязь».

«На маю думку, гэтыя аб’екты звязаныя з нейкім абсталяваннем стратэгічнага ўзроўню, якое можа быць разгорнута ў Беларусі. Ці то «Арэшнік», ці нешта іншае. Магчыма, гэта будзе ядзерная зброя, бо ў гэтым месцы могуць выкарыстоўвацца збудаванні, якія выкарыстоўваліся для захоўвання такога роду ўзбраення падчас Халоднай вайны», — кажа Канрад Музыка.

Адстаўны маёр Марка Эклунд, які больш за 20 гадоў аналізаваў расійскую армію ў фінскай разведцы і цяпер працуе са спадарожнікавымі здымкамі, у інтэрв’ю Eesti Ekspress таксама адзначае, што гэты аб’ект падобны менавіта да стратэгічнай ракетнай базы: «Не магу сказаць, чым гэта яшчэ можа быць. Калі б тут мусіла з’явіцца база «Арэшнік», яна якраз магла б падысці для гэтай ролі».

Апошнія навіны