Генеральнае консульства Іспаніі ў Маскве прыпыніла прыём заяў на візы
- 13.09.2025, 21:30
Там афармлялі дакументы і для беларусаў.
Генеральнае консульства Іспаніі ў Маскве на нявызначаны тэрмін прыпыніла прыём заяў на афармленне віз, паведамляецца на сайце візавага цэнтра BLS. «Звяртаем вашу ўвагу, што па тэхнічных прычынах Генеральнае консульства Іспаніі ў Маскве не будзе прымаць заявы да далейшага паведамлення», — адзначаецца ў паведамленні. Канкрэтная прычына абмежаванняў не называецца, як і іх меркаваныя тэрміны.
Заўважым, што гэтае рашэнне закране і беларусаў. Грамадзяне нашай краіны падаюць дакументы ў Візавы цэнтр Іспаніі ў Мінску. Потым візавы цэнтр перанакіроўвае дакументы ў Генеральнае консульства Іспаніі ў Маскве, бо ў Беларусі няма пасольства Іспаніі.
У сярэдзіне чэрвеня Іспанія разам з Францыяй узмацніла парадак уезду для расіян і беларусаў, абмежаваўшы магчымасці бязвізавага транзіту. Мадрыд увёў абавязковае афармленне транзітнай візы катэгорыі TAP для грамадзян РФ, якія робяць перасадкі ў міжнародных зонах іспанскіх аэрапортаў, — паведамляла прэс-служба консульства Іспаніі ў Маскве. Згодна з заявай, з 12 ліпеня ўсе ўладальнікі расійскіх замежных пашпартоў, што следуюць транзітам праз Іспанію, абавязаны мець візу.
Раней Reuters і італьянскае агенцтва ANSA са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што Еўракамісія плануе прадставіць праект новага пакета санкцый супраць РФ 15 верасня. Паводле дадзеных ANSA, прапанаваныя візавыя абмежаванні звязаныя з ростам колькасці ўездаў расіян у Шэнгенскую зону летам 2025 года. Сярод магчымых мер — квоты на выдачу шэнгенскіх віз турыстам з РФ, павелічэнне тэрмінаў разгляду заяў і консульскага збору. DPA пісала, што Германія прапанавала Еўракамісіі істотна скараціць выдачу шэнгенскіх віз турыстам з Расіі. Асаблівую ўвагу Берлін заклікаў надаць Італіі, Францыі і Іспаніі, куды расійскія турысты прыязджаюць найчасцей.