У Пухавіцкім раёне «пакупнік» выйшаў з крамы з выручкай
- 21.09.2025, 17:18
Што было далей.
У вёсцы Залог Пяцігодкі Пухавіцкага раёна здарылася НС. Мужчына прыйшоў у краму, аднак замест таго, каб, як усе, набыць тавары і пайсці, скраў грошы з касы і ўцёк. Праўда, доўга хавацца яму не ўдалося. Пра гэта са спасылкай на патрульна-паставую службу міліцыі Пухавіцкага РАУС паведамляе сайт gorka.by.
Калі мужчына ўцёк з грашыма, прадавальніца звярнулася да супрацоўнікаў патрульна-паставой службы, якія ў гэты час знаходзіліся ў іх вёсцы. Яна патлумачыла, што мужчына зайшоў за прылавак, адштурхнуў яе, забраў грошы і, захапіўшы каробку цыгарэт, знік.
Міліцыянеры ўстанавілі прыкметы падазраванага, а таксама ў якім напрамку ён уцякаў, і накіраваліся на пошукі. Неўзабаве яго месцазнаходжанне ўстанавілі. Мужчына спрабаваў схавацца ў лесе, але гэта яму не ўдалося.
Рабаўнік быў затрыманы. Ім аказаўся 36-гадовы мясцовы жыхар, раней судзімы. Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 206 КК (рабаўніцтва). Мужчыне можа пагражаць ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.