Вялікабрытанія, Канада і Аўстралія прызналі Палестынскую дзяржаву
- 21.09.2025, 17:21
Краіны, якія прызналі Палестыну, таксама выступілі супраць групоўкі ХАМАС.
Вялікабрытанія, Канада і Аўстралія прызналі незалежнасць Палестынскай дзяржавы. Адпаведныя заявы апублікавалі кіраўнікі ўрадаў гэтых краін.
«Сёння, каб аднавіць надзею на мір для палестынцаў і ізраільцян і на рашэнне аб стварэнні двух дзяржаў, Злучанае Каралеўства афіцыйна прызнае Дзяржаву Палестына», — паведаміў брытанскі прэм’ер-міністр Кір Стармер у сацсетцы X.
Яго канадскі калега Марк Карні выступіў з аналагічнай заявай, адзначыўшы, што Атава прапануе Палестыне «сваё партнёрства ў пабудове надзеі на мірную будучыню» і для яе, і для Ізраіля.
Тым часам кіраўнік аўстралійскага ўрада Энтані Албанізэ апублікаваў сумесную з міністрам замежных спраў краіны Пенні Вонг заяву аб прызнанні незалежнасці і суверэнітэту Палестыны.
«Сённяшняе прызнанне Палестыны Аўстраліяй, Канадаю і Вялікабрытаніяй з’яўляецца часткай скаардынаваных міжнародных намаганняў, накіраваных на стварэнне новага імпульсу для рашэння на аснове стварэння двух дзяржаў, пачынаючы са спынення агню ў Газе і вызвалення закладнікаў, захопленых падчас звярстваў (здзейсненых ХАМАСам. — Рэд.) 7 кастрычніка 2023 года», — гаворыцца ў дакуменце.
Сярод іншага, у заяве адзначаецца, што тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС «не павінна адыгрываць ніякай ролі ў Палестыне», і ўказваецца, што кіраўнік Палестынскай адміністрацыі Махмуд Абас пацвердзіў прызнанне права Ізраіля на існаванне і «узяў на сябе прамыя абавязацельствы перад Аўстраліяй», у прыватнасці адносна правядзення дэмакратычных выбараў і ажыццяўлення значных рэформаў у сферах фінансаў, кіравання і адукацыі.
У сваім звароце брытанскі прэм’ер таксама падкрэсліў, што ХАМАС не будзе мець месца ў складзе ўрада і ў сектары бяспекі Палестыны і абвясціў пра новыя санкцыі супраць членаў групоўкі. Супраць групоўкі выступіў і Карні.
«Далейшыя крокі, уключаючы ўстанаўленне дыпламатычных адносін і адкрыццё амбасад, будуць разглядацца па меры прагрэсу Палестынскай адміністрацыі ў выкананні ўласных абавязацельстваў па рэформах», — адзначае аўстралійскі бок.
Паводле яе слоў, ужо цяпер міжнародная супольнасць працуе над распрацоўкай «надзейнага мірнага плана», які дазволіць адбудаваць Газу, умацаваць здольнасць дзяржавы Палестына і гарантаваць бяспеку Ізраіля.
Прэм’еры Вялікабрытаніі і Канады ў сваіх зваротах таксама звяртаюць увагу на гібель дзясяткаў тысяч людзей з-за ўдараў Ізраіля па Газе і на будаўніцтва ізраільскіх пасяленняў на Заходнім беразе ракі Іардан у Палестынскай аўтаноміі, крытыкуючы цяперашні ўрад Ізраіля.