Сірыя вызначыла новую дату першых пасля звяржэння Асада выбараў
- 21.09.2025, 20:02
Парламенцкія выбары пройдуць у кастрычніку.
У Сірыі перанеслі правядзенне выбараў у Народны савет (парламент). Яны былі запланаваныя на верасень, але цяпер пройдуць у кастрычніку.
Пра гэта паведамляе SANA.
«Галасаванне за членаў Народнага сабрання (парламента - рэд.) адбудзецца 5 кастрычніка 2025 года ва ўсіх выбарчых акругах», - абвясціў Вышэйшы камітэт па выбарах у Народнае сабранне Сірыі.
Таксама ў суботу камітэт падаўжыў тэрмін падачы апеляцый у дачыненні да членаў выбарчых органаў да канца нядзелі, 21 верасня.
Нагадаем, што першапачаткова галасаванне было запланавана на 15-20 верасня. Аднак на гэтым тыдні ў выбарчай камісіі заявілі, што тэрміны правядзення выбараў перанясуць.
Праблема заключалася ў лагістычных прычынах. У прыватнасці, адсутнасць дакладных запісаў актаў грамадзянскага стану з-за баявых дзеянняў у краіне, а таксама перамяшчэння насельніцтва.
Чакаецца, што па выніках галасавання ў калегіях выбаршчыкаў будуць абраныя 140 дэпутатаў, а яшчэ 70 на пераходны перыяд прызначыць прэзідэнт Сірыі Ахмед аш-Шараа.
Паўнамоцтвы часовага парламента разлічаныя на 30 месяцаў з магчымасцю падаўжэння. Гэты орган будзе выконваць ролю заканадаўчай улады да зацвярджэння пастаяннай канстытуцыі і арганізацыі новых выбараў.
Адзначым, што Народны савет Сірыі быў распушчаны 29 студзеня паводле ўказу часовага ўрада.