CEPA: Крэмль прымушае расейцаў плаціць за вайну
- 30.09.2025, 14:44
Бюджэт Расіі на 2026 год паказвае суровую рэчаіснасць
Працяг вайны запатрабуе ад грамадзян Расіі плаціць больш за меншае. Эканамічны рост запавольваецца, дзяржаўныя даходы зніжаюцца, і Масква вымушаная звяртацца да жорсткай эканоміі, перакладаючы цяжар вайны на насельніцтва, піша CEPA (пераклад — сайт Charter97.org).
Павелічэнне дзяржаўных выдаткаў у першыя гады канфлікту стымулявала эканоміку і даходы грамадзян, аднак санкцыі, недахоп працоўнай сілы і абмежаваныя вытворчыя магутнасці выклікалі інфляцыю, якая стрымліваецца высокімі працэнтнымі стаўкамі. У выніку крэдытаванне бізнесу і насельніцтва запаволілася, а эканоміка, за выключэннем абароннага сектара, набліжаецца да стагнацыі.
Прагноз на 2026 год прадугледжвае рост ВУП усяго на 1,3%, бюджэтныя выдаткі складуць 44,07 трлн рублёў, даходы — 40,28 трлн. Дэфіцыт фінансаў будзе пакрывацца за кошт падвышэння падаткаў. Асноўны ўдар прыпадзе на спажыўцоў. Стаўка ПДВ вырасце з 20% да 22%, а малы і сярэдні бізнес сутыкнецца з ужорстачаннем падатковага парога з 60 млн да 10 млн рублёў у год.
Урад апраўдвае рост падаткаў ваеннымі патрэбамі. Пры гэтым выдаткі на абарону застануцца рэкорднымі: абаронны бюджэт складзе 12,93 трлн рублёў, а разам з нацыянальнай бяспекай — амаль 40% федэральных выдаткаў. Частка ваенных выдаткаў будзе схаваная ў рэгіянальных праграмах, дзяржаўных карпарацыях і крэдытах ваеннага комплексу.
Эканоміка Расіі спажывае больш, чым можа сабе дазволіць, ваенны сектар працуе на мяжы магчымасцяў, а грамадзянскі бізнес заціснуты высокімі падаткамі і нізкім попытам.
Бюджэт-2026 пацвярджае гэтую стратэгію. Доўгатэрміновае фінансаванне вайны будзе забяспечвацца за кошт падаткаплацельшчыкаў, пры гэтым ваенны комплекс працягвае квітнець, а грамадзянская эканоміка перажывае цяжкасці.