Сілавікі арыштавалі дачку журналіста Кірыла Пазняка
- 23.01.2026, 21:14
Дваццацігадовая Яніна Пазняк затрыманая адначасова з бацькам.
Беларускія праваабаронцы апублікавалі заяву аб прызнанні палітзняволенай 20‑гадовай Яніны Пазняк. Гэта дачка арыштаванага ў верасні мінулага года журналіста‑палітзняволенага Кірыла Пазняка, якая, як аказалася, была арыштаваная разам з ім.
4 верасня 2025 года «экстрэмісцкім фармаваннем» абвешчаны YouTube‑канал «Платформа 375», а журналіст Кірыл Пазняк, які ў адпаведным рашэнні КДБ названы «арганізатарам» гэтага «фармавання», — затрыманы і змешчаны пад варту па крымінальнай справе (17 верасня 2025 года Кірыл Пазняк прызнаны палітзняволеным).
У той жа дзень, 4 верасня, затрыманая і 20‑гадовая дачка Кірыла Пазняка — Яніна Пазняк. Яна таксама змешчаная пад варту, і ёй выстаўлена абвінавачанне ва ўзаемадзеянні з «экстрэмісцкім фармаваннем».