Зяленскі: Украіна чакае ад Расіі гатоўнасці завяршыць вайну
- 23.01.2026, 21:26
Прэзідэнт Украіны распавёў пра ход трохбаковых перамоваў у ААЭ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра ход трохбаковых перамоваў у ААЭ. Паводле яго слоў, украінская, амерыканская і расійская дэлегацыі ўжо правялі першыя сустрэчы, і гэта важны крок, паколькі такі фармат перамоваў даўно не праводзіўся.
Пра гэта ён сказаў у пятніцу, 23 студзеня, у вячэрнім звароце.
Дэлегацыі абмяркоўваюць параметры завяршэння вайны. Аднак, паводле яго слоў, сёння яшчэ рана рабіць высновы.
«Цяпер у іх [дэлегацый] павінна быць прынамсі частка адказаў ад Расіі, і галоўнае — каб Расія была гатовая завяршыць гэтую вайну, якую сама ж і пачала. Украінскія пазіцыі выразныя», — адзначыў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўкраінская дэлегацыя пастаянна на сувязі — гэта сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Рустэм Умераў, кіраўнік Афіса Прэзідэнта Украіны (АПУ) Кірыл Буданаў, старшыня фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, першы намеснік кіраўніка АПУ Сяргей Кісліца. Заўтра да перамоваў яшчэ далучацца начальнік Генеральнага штаба Андрэй Гнатаў і прадстаўнік ГУР Міхаіл Скібіцкі.
«Па змесце перамоваў сёння яшчэ пакуль рана рабіць высновы — мы паглядзім, як размова пойдзе заўтра і якія будуць вынікі. Трэба, каб не толькі ўкраінскае жаданне было — скончыць гэтую вайну, дасягнуць поўнай бяспекі, — каб і ў Расіі падобнае жаданне неяк усё ж нарадзілася», — сказаў Зяленскі.