ЗША і ЕС распрацоўваюць 10-гадовы план аднаўлення Украіны на 800 млрд долараў
- 23.01.2026, 22:03
Грошы паступяць пасля завяршэння поўнамаштабнага ўварвання.
ЗША і ЕС спадзяюцца прыцягнуць 800 мільярдаў долараў дзяржаўных і прыватных сродкаў для аднаўлення Украіны, паведамляе Politico.
Выданне, спасылаючыся на неназваных чыноўнікаў і дыпламатаў краін ЕС, паведамляе пра дакумент, які вызначае 10-гадовы план аднаўлення Украіны з паскораным шляхам да членства ў Еўрасаюзе.
Еўрапейская камісія разаслала гэты план лідарам краін ЕС у чацвер, 22 студзеня, увечары.
Доўгатэрміновае фінансаванне Украіны распісана да 2040 года разам з неадкладным 100-дзённым аператыўным планам для запуску праекта аднаўлення краіны.
У той жа час выданне адзначае, што ўзнікнуць цяжкасці з прыцягненнем сродкаў для рэалізацыі гэтага плана, калі вайна будзе працягвацца.
Таксама ў публікацыі сказана, што гэты План працвітання з’яўляецца часткай мірнага плана з 20 пунктаў, які прапануюць ЗША.
Ён грунтуецца на тым, што вайна павінна быць завершана і будуць дзейнічаць гарантыі бяспекі для Украіны, таму ён не разглядаецца да рэалізацыі ў ваенных умовах.
Таксама ў матэрыяле адзначаецца, што ў Плане працвітання ЗША разглядаюцца не столькі як донар, колькі як стратэгічны эканамічны партнёр, інвестар і паручальнік Украіны.
У плане прадугледжваецца непасрэдны ўдзел амерыканскіх кампаній у яго рэалізацыі, а таксама падкрэсліваецца роля Амерыкі ў прыцягненні прыватнага капіталу.
Акрамя таго, у дакуменце гаворыцца, што на працягу наступных 10 гадоў ЕС, ЗША і міжнародныя фінансавыя арганізацыі, уключаючы Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк, выдаткуюць 500 мільярдаў долараў дзяржаўнага і прыватнага капіталу.
Еўракамісія ж мае намер выдаткаваць яшчэ 100 мільярдаў еўра праз бюджэтную падтрымку і інвестыцыйныя гарантыі ў рамках наступнага сямігадовага бюджэтнага цыклу, пачынаючы з 2028 года. Чакаецца, што гэтае фінансаванне адкрые інвестыцыі ва Украіне на суму 207 мільярдаў еўра.
ЗША, са свайго боку, паабяцалі прыцягнуць капітал праз спецыяльны інвестыцыйны фонд рэканструкцыі, але не назвалі канкрэтнай сумы.
У дакуменце ўказана, што ЗША будуць інвеставаць у крытычна важныя галіны — здабычу карысных выкапняў, інфраструктуру, энергетыку і тэйналагічныя праекты ва Украіне.