BE RU EN

Нельга проста забіць Пуціна

  • Кірыл Беркаль, nv.ua
  • 24.01.2026, 23:18

Украіна стала школай выжывання для ўсяго свету.

Да 2014 года ў мяне быў бізнес у Паўднёвай Азіі, але я вярнуўся сюды, ва Украіну. Я бачыў і ўварванне ў Крым, і ўварванне на Данбас. 12 гадоў сваёй вайсковай кар'еры я правёў на вайне. Нашае злучэнне нарадзілася ў гэтай вайне.

У нас вельмі мала людзей, якія былі прафесійнымі вайскоўцамі. Ёсць і бізнесмены, і інжынеры, і паэты — хто заўгодна. А цяпер мы трымаем больш за 15% усёй лініі фронту. Расійскія сілы пераважаюць — часам суадносіны бываюць адзін да сарака.

Але мы сталі значна мацнейшымі. У тым ліку дзякуючы і нашым партнёрам.

Поўнамаштабнае ўварванне я сустрэў камандзірам у Марыупалі. Думаў, што мы пратрымаемся тры тыдні — параўноўваў нашы танкі, магчымасці з расіянамі. У іх было больш. Але мы іх усіх разбілі.

Мы ваявалі супраць Першай расійскай танкавай арміі. Гэта та самая, якая была Першай коннай арміяй у 1920-м, ваявала ў Польшчы. Але мы знішчалі іх тэхніку. Многія ў свеце думалі, што Украіна пратрымаецца адзін дзень. А мы трымаемся і цяпер.

Расіяне не паважаюць каштоўнасці чалавечага жыцця, а для нас чалавечае жыццё вельмі многа значыць. Чалавечы патэнцыял украінскага народа, патэнцыял супраціву — гэта вялікае дасягненне.

Яны не чакалі, што ўкраінскія ветэраны вернуцца і возьмуць у рукі зброю. Не чакалі, што Украіна падзеліцца на дзве часткі: адна — на фронце, другая — валанцёры.

Мы набіраемся сілы дзень у дзень. Нам патрэбная падтрымка, але мы хочам і ўдзячнасці. Хочам таксама перадаць свой досвед. Мы набылі досвед, як невялікая дзяржава супраціўляецца дыктатуры.

Наша выратаванне — у адзінстве. Мы ніколі раней гэтага не рабілі

Я правёў 4,5 месяца ў расійскім палоне. Яны пераламалі мне рукі, ногі і некалькі разоў разбівалі твар. Я чуў іх прапаганду. І неяк спытаў тых, хто мяне дапытваў і катаваў: «Вы самі верыце ў гэта?». Яны — вераць. Проста немагчыма параўнаць еўрапейскі лад мыслення з тым, як думаюць расіяне.

Расіянамі кіруюць страх, пакуты, катаванні.

У расійскім палоне вы бачыце тое ж, пра што чыталі пра лагеры Сталіна і лагеры Гітлера.

Адзінае, як мы можам ім супрацьстаяць, — гэта адзінства. Наша выратаванне — у адзінстве. Мы ніколі раней гэтага не рабілі. Дарэчы, нават падчас халоднай вайны. Таму халодная вайна не спыніла расіян — яны проста памянялі свае колеры.

Нельга проста забіць Пуціна. Калі забіць Пуціна, на яго месца паставяць іншага дыктатара. Мы павінны спыніць сам рэжым.

Я не лічу, што міжнароднае права раўняется таму, у каго ёсць ядзерная зброя. Калі еўрапейская супольнасць не пачне сістэмнымі рэгулятарнымі мерамі абараняць міжнароднае права, дыктатар зможа захапіць любую краіну, якую толькі пажадае.

Цяпер украінскія жанчыны і мужчыны фактычна абараняюць Еўропу з Усходу. У нас дагэтуль ёсць сіла, але гэта вельмі цяжка. Таму мы гатовыя да супрацоўніцтва. Гатовыя падзяліцца сваім досведам з любым народам, каб абараніць дэмакратыю.

Мы маем патрэбу амаль ва ўсім. Наш самы магутны рэзерв — гэта наша чалавечая сіла, але мы мусім быць больш гнуткімі. Звычайна вайскоўцы вельмі прамалінейныя, і ім цяжка рабіць змены. Але мы павінны быць гнуткімі да зменаў. Гэта наша пачуццё выжывання.

Калі мы не прыстасуемся да штучнага інтэлекту, электрамагнітнай вайны, радыёэлектроннай барацьбы, калі не прыцягнем хакераў і не адаптуем падыходы да таго, як пераадолець расійскую тактыку…

Справа ў тым, што расійскія тактыкі не змяняліся на працягу сотняў гадоў. Яны абапіраюцца на чалавечы рэсурс, і ім патрэбна тры гады, каб змяніць тактыку. У іх заўсёды будзе перавага ў чалавечым рэсурсе, але нам патрэбная гнуткасць.

Што я думаю пра мірнае пагадненне? Любыя здзелкі з д'яблам — няправільны выбар.

Як казаў канцлер Бісмарк, ніводнае пагадненне з Расіяй не вартае той паперы, на якой яно напісанае. Расія — не джэнтльмен. Яны ніколі не трымаюць слова. І я кажу гэта не проста як украінец — мы гэта разумеем гістарычна. Яны крадуць нават нашу гісторыю. Крадуць наша імя. Расія прысвойвае Кіеўскую Русь і думае, што Русь — гэта яны.

Галоўная ідэя: яны хочуць выкарыстоўваць украінцаў як мабілізацыйны рэсурс для наступнай вайны. Так яны робяць заўсёды, калі акупуюць пэўныя тэрыторыі. У мяне было шмат сяброў у Крыме — большасць цяпер або ў турме, або мабілізаваныя і ўжо загінулі па другі бок гэтай вайны. У мяне было шмат сяброў у Марыупалі. Я пражыў там восем гадоў. Цудоўны горад. Выдатныя суседзі. Але большасць цяпер у расійскай арміі.

Яны і дасюль выкрадаюць нашых дзяцей і мілітарызуюць іх. Гэта своеасаблівы «пуцінюгенд». Прамаваюць мазгі і рыхтуюць да ваенных дзеянняў так жа, як я рыхтую сваіх салдат.

Расія сапраўды рыхтуецца да наступнага скачка, да наступнай вайны. Але цяпер яны завязлі тут. Ва Украіне.

Кірыл Беркаль, nv.ua

Апошнія навіны