Джым Кэры таемна ажаніўся ў трэці раз
- 1.10.2026, 20:12
Хто яго абранніца.
Зорка «Маскі» Джым Кэры ажаніўся ў трэці раз. Абранніцай 64-гадовага галівудскага акцёра стала яго даўняя каханая Мін Ха, паведамляе People са спасылкай на прадстаўніка Кэры.
Цырымонія прайшла без лішняй агалоскі ў Лос-Анджэлесе. Як піша TMZ, пара абмянялася клятвамі ў закрытым фармаце. Іншыя падрабязнасці ўрачыстасці пакуль не раскрываюцца.
Пра новую жонку акцёра амаль нічога не вядома. У сацсетках пішуць, што яна займаецца мастацтвам і акцёрскай працай, жыве ў Лос-Анджэлесе і вядзе непублічнае жыццё.
Разам з Кэры яе пачалі заўважаць яшчэ ў 2022 годзе. Аднак афіцыйна адносіны пара пацвердзіла толькі ў лютым 2026-га на цырымоніі ўручэння прэміі «Сэзар» у Парыжы.
Атрымліваючы пачэсную ўзнагароду, акцёр са сцэны цёпла падзякаваў Мін Ха. Ён назваў яе сваёй «выдатнай спадарожніцай», а затым прызнаўся ў пачуццях: «Я кахаю цябе, Мін Ха».
Упершыню Кэры ажаніўся ў 1987 годзе. Яго абранніцай стала Меліса Уомэр, якая тады працавала афіцыянткай і пачынала акцёрскую кар'еру. У тым жа годзе ў пары нарадзілася дачка Джэйн. Сужэнцы развяліся ў 1995-м.
Ужо праз год акцёр ізноў пайшоў пад вянец. Другою жонкай стала яго калега па фільме «Тупы і яшчэ тупейшы» Лорэн Холі. Гэты шлюб пратрымаўся ўсяго восем месяцаў.
Былі ў Кэры і гучныя раманы. У розныя гады ён сустракаўся з Рэнэ Зелвегер, Дженьюэры Джонс, Джэні Маккарті і Катрыёнай Уайт.
Пазней акцёр прызнаваўся, што менавіта Зелвегер была «каханнем усяго яго жыцця». Іх раман пачаўся пасля знаёмства на здымках стужкі «Я, зноў я і Ірэн», але працягнуўся каля года.