Галівуд экранізуе культавую польскую гульню Cyberpunk 2077
- 10.10.2026, 3:34
З моманту выхаду ў 2020 годзе гульня была прададзена накладам больш за 40 млн копій.
Польская індустрыя відэагульняў дамаглася чарговага міжнароднага поспеху. Галівудская студыя Paramount Pictures рыхтуе мастацкі фільм, дзеянне якога будзе адбывацца ў сусвеце Cyberpunk 2077, створаным польскай кампаніяй CD Projekt Red. Пра планы экранізацыі адной з самых папулярных польскіх гульняў паведамілі, у прыватнасці, брытанская BBC і амерыканскае выданне Deadline.
Пры працы над фільмам польская студыя будзе супрацоўнічаць з прадзюсарам Ларэнца ды Банавентура, вядомым па кінафраншызе «Трансформеры». Сустаршыня праўлення CD Projekt Міхал Навакоўскі напісаў у сацыяльнай сетцы X, што кампанія рада перспектыве супрацоўніцтва з Paramount, якая падзяляе яе амбіцыі наконт далейшага развіцця брэнда Cyberpunk.
Дзеянне гульні адбываецца ў футурыстычным мегаполісе Найт-Сіці. З моманту выхаду ў 2020 годзе Cyberpunk 2077 прададзены накладам больш за 40 млн копій па ўсім свеце, а яе дадатак «Прывідная свабода» набылі яшчэ 15 млн гульцоў. У стварэнні гульні ўдзельнічалі сусветна вядомыя акцёры Кіяну Рыўз і Ідрыс Эльба.
Поспех польскага праекта ўжо даўно выйшаў за межы гульнявой індустрыі. Па матывах Cyberpunk 2077 быў створаны папулярны анімацыйны серыял Cyberpunk: Edgerunners для платформы Netflix. Прэм'ера другога сезону чакаецца ўжо ў гэтым месяцы.
Сюжэт будучага фільма, склад акцёраў і дата прэм'еры пакуль не раскрываюцца.