BE RU EN

Сапраўднае аблічча рускага свету

  • Дзяніс Казанскі
  • 10.10.2026, 5:34

У Расіі ўсім пляваць на масавае забойства людзей.

Расійская армія забіла ў Краматорску 35 чалавек. 30 — адным ударам па пасажырскіх аўтобусах, яшчэ пяцярых — у выніку іншых абстрэлаў. І нікому ў Расіі да гэтага няма справы. Ніякай рэакцыі. Ні абурэння, ні спагады, ні смутку. Ні сюжэтаў на тэлебачанні, ні пастоў у Z-блогераў, ні каментарыяў Пуціна або Пяскова.

Гэтыя загінулыя людзі — рускамоўныя жыхары Данбаса. Тыя самыя, якіх Пуцін абяцаў абараняць і дзеля бяспекі якіх, паводле яго ўласных слоў, пачаў «СВА». І вось, праз пяць гадоў, «СВА» дасягае апагея: Расія бамбіць у Краматорску грамадскі транспарт, забівае дзясяткі выпадковых людзей, і ніхто ў Расіі гэтага нават не заўважае.

Пры гэтым з пункту гледжання самой Расіі Краматорск — гэта расійскі горад, які Крэмль уключыў у сваю канстытуцыю. Жыхары гэтага горада ў разуменні Пуціна — расіяне. І выходзіць, што армія РФ учыніла масавае забойства гэтых расіян, але ў Расіі ўсім на гэта пляваць.

У 2014 годзе, калі вайна толькі пачыналася і ваявыя дзеянні ішлі якраз у раёне Славянска і Краматорска, расійскія СМІ былі перапоўненыя абурэннем і гневам. Крычалі, што ідзе «каральная аперацыя», што «хунта забівае жыхароў Данбаса». Шмат расіян тады сапраўды паддаваліся ўплыву гэтай прапаганды, вельмі перажывалі і спачувалі жыхарам Данбаса, і гэта яшчэ можна было зразумець.

Але як зразумець тое, што адбываецца цяпер? Калі літаральна тыя ж людзі, якія ў 2014 годзе білі сябе ў грудзі і крычалі, што не могуць глядзець на пакуты Данбаса, наогул не заўважаюць забойства 35 чалавек. Калі тыя, хто абвінавачваў Украіну ў абстрэлах мірнага насельніцтва Славянска і Краматорска, вітаюць дзеянні Пуціна, які абстрэльвае жыхароў гэтых гарадоў з куды большай жорсткасцю?

Я, вядома, ведаў, што прапаганда можа ўзбуджаць і распальваць пачуцці. Але я не думаў, што прапаганда ўмее таксама цалкам адключаць пачуцці. Высветлілася — умее… Высветлілася, што цалкам магчыма пераканаць цэлы народ, што ў залежнасці ад сітуацыі адных і тых жа людзей можна або шкадаваць, або не шкадаваць. У 2014 годзе загінулыя ад абстрэлаў жыхары Краматорска або Славянска ў ўяўленні расійскіх патрыётаў былі вартыя спачування. А ў 2026 годзе яны не вартыя нават узгадвання.

Я спецыяльна пачытаў каналы Азарава, Царова і іншых калабарантаў, якія ў 2014 годзе абвінавачвалі ўкраінскую ўладу ў жорсткасці ў дачыненні да Данбаса. У іх няма ніводнага згадвання пра масавае забойства жыхароў Краматорска. Няўжо загінулі жыхары нейкага іншага Данбаса? Ды не, таго самага, які яны падтрымлівалі ў 2014 годзе.

Проста высветлілася, што калі яго жыхароў забівае Расія, усе гэтыя абаронцы Данбаса неяк раптоўна перастаюць спачуваць яму…

Дзяніс Казанскі, «Фэйсбук»

Апошнія навіны