Atlantic Council: Украіна можа дапамагчы Еўропе даць адпор Расіі
- 10.10.2026, 8:34
Адзін з крокаў — стварэнне Савета бяспекі ЕС.
Украіна можа дапамагчы еўрапейскім краінам супрацьстаяць дыверсіям, кібератакам і дэзінфармацыі, якія Расія ўсё больш актыўна выкарыстоўвае па-за полем бою. Для гэтага Еўропе неабходна шчыльней супрацоўнічаць з Кіевам і перастаць успрымаць дзеянні Масквы як асобныя інцыдэнты. Пра гэта пішуць аналітыкі Раян Прайор і Марыя Ковач у матэрыяле для Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).
У апошнія месяцы расійскія правакацыі ў Еўропе пачасціліся — ад падазроных інцыдэнтаў у аэрапортах да пагрозаў для крытычнай інфраструктуры ў Балтыйскім і Чорным морах. Заходнія выведкі таксама папярэджваюць пра рызыку магчымага нападу Расіі на адну з краін НАТА, хоць верагоднасць паўнамаштабнай вайны паміж Масквой і альянсам пакуль ацэньваецца як нізкая.
«Тое, што ўчора шакавала, заўтра становіцца нормай, а потым сітуацыя яшчэ больш абвастраецца», — папярэджваў былы намеснік генеральнага сакратара НАТА Каміль Гран.
Еўрапейскім уладам пара перайсці ад гучных заяваў да канкрэтных дзеянняў. Адзін з крокаў — стварэнне Еўрапейскага савета бяспекі з удзелам краін ЕС, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Канады і Украіны.
Кіеў мае досвед процідзеяння расійскім інфармацыйным аперацыям, дыверсіям і вербоўцы выканаўцаў праз інтэрнэт. Расія выкарыстоўвае такіх пасярэднікаў для падпалаў, пашкоджання інфраструктуры і іншых атак. Украінскія спецслужбы навучыліся выяўляць падобныя сеткі і перашкаджаць іх дзейнасці.
Акрамя таго, Украіна гадамі абараняе ад расійскіх удараў энергетыку, транспартныя вузлы і сістэмы сувязі. Гэты досвед можа дапамагчы еўрапейскім краінам умацаваць уласную інфраструктуру.
«Украіна ідэальна падыходзіць, каб дапамагчы Еўропе», — падсумоўваюць аўтары. На іх думку, абмен выведкавай інфармацыяй і сумесная праца спецслужбаў дазволяць знізіць эфектыўнасць расійскіх аперацый і ўмацаваць бяспеку кантынента.