BE RU EN

Расійская авіябомба разбурыла пад'езд жылога дома ў Запарожжы

  • 10.10.2026, 11:35

Загінулі восем чалавек.

Расійская армія ноччу 10 кастрычніка зноў масіравана атакавала ўкраінскія гарады. Найбольш сур'ёзныя наступствы — у горадзе Запарожжы, дзе ў выніку «прылёту» авіябомбы ў жылы дом і іншых удараў, паводле дадзеных Рады абароны Запарожскай вобласці, загінулі восем чалавек, яшчэ 16 — пацярпелі. Сярод загінулых — трое дзяцей, сярод параненых — таксама трое непаўналетніх. Двое пацярпелых — у цяжкім стане, астатнія — пераважна ў стане сярэдняй цяжкасці. Пад заваламі могуць заставацца яшчэ людзі. «Лёс яшчэ 12 чалавек застаецца невядомым. Пошукава-выратавальныя работы працягваюцца», — паведамілі ўлады.

Паводле дадзеных ДСНС Украіны, у выніку ўдару авіябомбай у Запарожжы быў разбураны пад'езд трохпавярховага дома, а таксама пашкоджаны іншыя будынкі і прыватныя дамы, узнікалі пажары. Акрамя таго, у выніку ўдару Узброеных сіл РФ па «аб'екце транспартнай інфраструктуры» ў горадзе Каростэнь Жытомірскай вобласці адзін чалавек атрымаў раненне, паведамляе ДСНС. На аб'екце ўзнік пажар. У Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці ў выніку начной атакі расійскіх БПЛА пацярпелі тры чалавекі — іх усіх шпіталізавалі, заявілі ўланды рэгіёна. Мінулай ноччу Расія запусціла па Украіне 160 дронаў розных тыпаў, з якіх 110 былі рэактыўнымі, паведамілі ў Паветраных сілах ЗСУ.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх вайскоўцаў, збіць і падавіць удалося 117 з іх, уключаючы 82 рэактыўныя апараты. «Прылёты» зафіксаваныя ў 14 лакацыях, а падзенні абломкаў збітых БПЛА — у 10. Акрамя іншага, Узброеныя сілы РФ раніцай у суботу ўдарылі дронамі па прыгарадзе Дняпра, паведамілі ў Дняпрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі. «Загарэліся аўто на тэрыторыі камунальнага прадпрыемства. Папярэдне, людзі не пацярпелі», — гаворыцца ў паведамленні.

Апошнія навіны