BE RU EN

Разумная стратэгія Кіева

  • Кірыл Рогаў
  • 10.10.2026, 12:11

Пасля 3 лістапада пра «дызельную здзелку» будуць мала згадваць.

Родзічы прыбягаюць, крычаць: жах, жах, Трамп зняў з Пуціна санкцыі (дызельная здзелка)!

Вядома, трэба пачакаць, паглядзець падрабязнасці, як гэта будзе выглядаць на практыцы… Але, паколькі родзічы хвалююцца, выкажу сваё папярэдняе меркаванне.

Нічога страшнага ў дызельнай здзелцы пакуль няма (акрамя адчування, што з'еў нешта благое, але з Трампам так часта бывае).

Расія вырабляе каля 85 млн тон гэтага самага дызеля, прыкладна траціну экспартуе. Увага! Яна яго і так экспартуе — у Турцыю, Бразілію і іншыя месцы. То-бок прадае на сусветных рынках. Цяпер значная частка экспартных паставак прыпыненая ў сувязі з паліўным крызісам у Расіі і ўборачнай парой. Важна, што асноўная частка паставак у ЗША запланаваная на перыяд з лістапада і далей (спажыванне дызеля ўнутры Расіі ўжо ўпадзе ў сувязі з заканчэннем уборкі).

І пакуль ідзе гаворка прыкладна пра 2 млн тон. Хутчэй за ўсё, продаж дызеля ў ЗША замест Бразіліі, то-бок на прэміяльны рынак, дасць надбаўку да цаны. Не ведаю, можа, на 10%. Але на аб'ёме 2 млн тон гэта не надта істотна.

Навошта гэтая здзелка Трампу? Гэта перадвыбарчы ход, да прамежкавых выбараў у ЗША тры тыдні, і становішча Трампа хрэнавае. Патрэбныя моцныя хады (скандальнасць ходу — яго сіла, важна перабіць тэму іранскіх няўдач Трампа).

Навошта гэта Пуціну? Каб сапсаваць адносіны Трампа з Зяленскім і Еўропай (якая, як і Зяленскі, асудзіць здзелку). І паспрабаваць выкарыстаць яе як рычаг ціску — каб Трамп ціснуў на Зяленскага ў абмежаванні ўкраінскіх удараў па расійскіх НПЗ.

І гэта прынцыповы момант. Калі б Зяленскі пагадзіўся абмежаваць удары, гэта быў бы істотны прайгрыш Украіны. Калі не, то гэтыя пастаўкі могуць абярнуцца нават дадатковым інфляцыйным ціскам унутры Расіі. І прынесці яе эканоміцы больш шкоды, чым карысці.

У прынцыпе, разумная стратэгія Кіева ў гэтых абставінах — нарошчваць удары па расійскіх НПЗ (гэта працуе), але пасля кожнага ўдару казаць, што Трамп вялікі прэзідэнт і варты не адной прэміі міру, а трох — на працягу наступных трох гадоў. Або васьмі — па колькасці спыненых ім ваенных канфліктаў.

Але гэта будзе нядоўга. Пасля 3 лістапада (прамежкавых выбараў) пра здзелку, мне падаецца, будуць мала згадваць. Цана дызеля ў ЗША і яго сусветная цана вызначаюцца яго даступнасцю на сусветным рынку. Ад таго, што частка танкераў, якія накіроўваліся ў Бразілію, зменяць курс на ЗША, яна моцна не зменіцца.

Кірыл Рогаў, «Фэйсбук»

Апошнія навіны