Адбылася ўцечка персанальных даных беларусаў, якія скардзіліся ў дзяржорганы
- 10.10.2026, 12:59
Улады імкнуцца схаваць факт уцечкі.
Персанальныя даныя беларусаў, зарэгістраваных у сэрвісе «Обращения.бел», сталі даступныя ў папулярным тэлеграм-боце для «прабіву», заўважыла «Зеркало». Гэта азначае, што ў сістэме для анлайн-камунікацыі з дзяржорганамі адбылася ўцечка. Афіцыйна пра гэта не паведамлялася.
Якія даныя ўцеклі
Як заўважыла «Зеркало», у папулярным сэрвісе для «прабіву» «Шэрлак» з’явіліся даныя, падпісаныя «карыстальнікі обращения.бел». Наша праверка паказала, што бот пачаў паказваць рэальныя звароты ў дзяржорганы, дасланыя праз анлайн-платформу.
Уцеклі наступныя даныя:
прозвішча, імя і імя па бацьку;
нумар тэлефона;
электронная пошта;
ідэнтыфікацыйны нумар (для некаторых карыстальнікаў);
тэкст звароту.
У ўцечцы няма дат зваротаў, а таксама прыкладзеных дакументаў. Даступныя нам інструменты не дазваляюць ацаніць, колькі людзей закрануў інцыдэнт.
Чые скаргі можна знайсці
Каб паказаць рэальнасць уцечкі, «Зеркало» публікуе некаторыя фрагменты інфармацыі, доступ да якой атрымалі староннія.
Напрыклад, у ўцеклай базе можна знайсці даныя Сяргея Белікава — дырэктара дзяржкампаніі «Цэнтр лічбавага развіцця», якая распрацавала сэрвіс «Обращения.бел». Захаваўся яго зварот з тэкстам «Праверка». Верагодна, ён быў адным з першых карыстальнікаў сэрвісу і тэставаў яго працу.
У «прабіў» трапілі звароты супрацоўніцы дзяржгазеты «СБ» Людмілы Гладкой. У адным яна дзякавала медыкам за аказаную дапамогу, а ў другім — патрабавала абвяржэння артыкула раённага выдання.
Прарасійская актывістка Вольга Бандарава, згодна з данымі ўцечкі, скардзілася на «дзеянні групы асоб», якія «займаюцца дыскрымінацыяй яе асобы, публікуюць ілжывую і зняважлівую інфармацыю, аказваюць псіхалагічны публічны ціск».
Афіцыйнага паведамлення пра ўцечку не было
У сэрвісе «Обращения.бел» зарэгістравана больш за 413 тысяч фізасоб і 19 тысяч дзяржорганаў і арганізацый. З 2023 года электронныя звароты да «дзяржструктур» прымаюцца толькі праз гэтую сістэму. Яе распрацоўшчык — «Цэнтр лічбавага развіцця», падпарадкаваны Мінсувязі.
Паводле дзейных правілаў, у выпадку ўцечкі аператар абавязаны паведаміць у Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных. Цэнтр публікуе інфармацыю пра найбуйнейшыя інцыдэнты. Напрыклад, сёлета ён паведамляў, калі староннія атрымалі доступ да даных беларускіх кліентаў «Додо Піца», «Джэнерал лізінг» і «Максбет-М».
А вось пра ўцечку «Обращения.бел» паведамлення не было. Гэта можа сведчыць або пра тое, што адміністратары сэрвісу пакуль самі пра яе не ведаюць, або пра тое, што на нейкім этапе яны вырашылі пра гэта не паведамляць.
Дарэчы, калі вы лічыце, што парушаныя вашы правы, звязаныя з асабістай інфармацыяй, вы можаце падаць адпаведную скаргу. Па спасылцы — падрабязнасці таго, як гэта зрабіць.
Раніцай 10 кастрычніка Мінсувязі паведаміла, што «ў сувязі з правядзеннем тэхнічных работ доступ да сістэмы зваротаў (обращения.бел) часова абмежаваны».