Ва Украіне могуць спрасціць атрыманне ВНЖ для беларусаў без пашпартоў
- 10.10.2026, 18:43
Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны апублікавала законапраект.
Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны апублікавала законапраект, які дазволіць грамадзянам Беларусі і Расіі афармляць і абменьваць дазволы на пражыванне з пратэрмінаванымі пашпартамі.
Гэта тычыцца беларусаў, якія не могуць атрымаць або абмяняць пашпарт з-за таго, што на час ваеннага становішча беларускія дыпламатычныя ўстановы ва Украіне не працуюць, перадае «Белсат».
Згодна з тлумачальнай запіскай, мэта законапраекта — урэгуляваць знаходжанне ва Украіне грамадзян Расіі і Беларусі, якія не могуць абмяняць пашпарт па прычынах, што ад іх не залежаць. Прапануецца ўнесці змены ў законы «Аб іміграцыі» і «Аб прававым статусе замежнікаў і асоб без грамадзянства».
На перыяд ваеннага становішча грамадзяне гэтых краін змогуць падаваць пашпарт з пратэрмінаваным тэрмінам дзеяння або такі, што падлягае абмену, для абмену дазволу на часовае пражыванне (ВНЖ). Дазвол на сталае пражыванне (ПМЖ) можна будзе аформіць з пратэрмінаваным пашпартам, а ў асобных выпадках — нават з копіяй страчанага, калі арыгінал раней падаваўся ў міграцыйную службу. Таксама для афармлення часовага пражывання дазволяць выкарыстоўваць праязныя дакументы, выдадзеныя іншымі дзяржавамі, і дакументы, што пацвярджаюць атрыманне міжнароднай абароны ў іншай краіне, калі ў іх указана грамадзянства.
Акрамя таго, беларусы, якія аформяць дазвол паводле новага парадку, змогуць законна знаходзіцца ва Украіне і пасля таго, як скончыцца тэрмін дзеяння іх пашпартоў.
Асобныя нормы тычацца вайскоўцаў. Замежнікі, якія служаць ва Узброеных сілах Украіны па кантракце, змогуць атрымаць дазвол на часовае пражыванне і дазвол на іміграцыю па пратэрмінаваным пашпарце, калі ў іх краіне прадугледжаная крымінальная адказнасць за ўдзел у баявых дзеяннях на баку іншай дзяржавы — як гэта ёсць у Беларусі. Акрамя таго, асобы, якія атрымалі грамадзянства Украіны і праходзяць або праходзілі службу па прызыве, замест абавязацельства спыніць замежнае грамадзянства змогуць падаць дэкларацыю аб адмове ад яго і прызнанні сябе толькі грамадзянінам Украіны.