Беларуска з 20-гадовым стажам расказала, як знайсці грыбы ў лесе
- 10.10.2026, 19:45
Грыбніца раскрыла дакладныя прыкметы для ціхага палявання.
Грыбніца з больш чым 20-гадовым стажам з Брэста Марына Голодко расказала, па якіх прыкметах у лесе можна знайсці ўдалыя месцы для збору трафеяў ціхага палявання.
У цэлым арыенцірамі служаць мох, трава, старыя дрэвы, вільготныя плямы. Так, паводле слоў беларускай, на месца, дзе растуць зялёнкі, указваюць трэшчыны на пяску — там гэтыя грыбы і хаваюцца.
«У кожнага грыба свае месцы. Зарослая трава — верны знак краснюкоў (народная назва падосінавіка) і маслят. Апенькі цягнуцца да старых пнёў і вільготных месцаў. Лісічкі любяць бярозу, змешаныя лясы, сцяжынкі і ўскрайкі і часта з’яўляюцца там, дзе іх зусім не чакаеш», — распавядае Марына Голодко.
Найлепшы час для збору грыбоў — праз пару дзён пасля дажджу і пасля цёплай ночы:
«У мосе трымаецца вільготнасць, грыбніца «працуе», і грыбы выходзяць актыўней. Спёка таксама патрэбная, каб прагрэць зямлю».
Зразумела, складаць грыбы ў кошык трэба беражліва.
«Падбярозавікі і падосінавікі заўсёды кладуць зверху: яны мяккія і лёгка мнуцца. Масляты і зялёнкі растуць побач, але зялёнку лепш трымаць асобна — пясок псуе масляты», — тлумачыць Марына Голодко.