У Кангрэсе ЗША рыхтуюць закон, які забароніць любое набыццё расійскай нафты
- 11.10.2026, 8:36
Дакумент назавуць у гонар Рональда Рэйгана.
У Палаце прадстаўнікоў ЗША рыхтуюць двухпартыйны законапраект, які павінен заблакаваць любое набыццё расійскай нафты. Дакумент назавуць у гонар Рональда Рэйгана.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на кангрэсмена-рэспубліканца Браяна Фіцпатрыка у сацсетцы X.
Дакумент атрымае назву «Закон Рональда Рэйгана "Мір праз сілу"». Ананс прагучаў праз дзень пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дазволіў Расіі прадаваць дызель на сусветных рынках.
«Мы ўнясём двухпартыйны законапраект, каб заблакаваць любыя закупы расійскай нафты. Яго вынясуць на галасаванне праз петыцыю аб зняцці з разгляду, і ён будзе прыняты пераважнай большасцю», — напісаў Фіцпатрык.
Петыцыя аб зняцці з разгляду (discharge petition) дазваляе вынесці законапраект на галасаванне ў абыход спікера Палаты прадстаўнікоў. Для гэтага дакумент мусяць падпісаць 218 кангрэсменаў, гэта значыць большасць палаты.
Браян Фіцпатрык прадстаўляе ў Кангрэсе штат Пенсільванія і з’яўляецца адным з сустаршыняў двухпартыйнай групы ў падтрымку Украіны. Напрыканцы верасня ён разам з калегамі з абедзвюх партый заклікаў адміністрацыю Трампа не паслабляць санкцыі супраць Расіі, папярэдзіўшы, што гэта зацягне вайну.
Рашэнне Трампа выклікала хвалю крытыкі ў Вашынгтоне. Паводле пагаднення Масква павінна адправіць на сусветныя рынкі да 1,8 млн тон дызеля, а Мінфін ЗША на паўгода дазволіў купляць расійскае паліва па ўсім свеце. Сенатары-дэмакраты Джын Шахін, Чак Шумер і Элізабэт Уорэн назвалі гэта поўнай здрадай Украіны і саюзнікаў.
Крытыкі нагадваюць, што толькі ў верасні Трамп падпісаў закон імя Ліндсі Грэма аб санкцыях супраць Расіі і Ірана. Яго прынялі пры значнай падтрымцы абедзвюх партый: 86 галасоў супраць 11 у Сенаце і 262 супраць 159 у Палаце прадстаўнікоў. Большасць палажэнняў закона ўступяць у сілу 18 кастрычніка.