BE RU EN

«Пасля гэтай ночы «Яндэкс» лёг і ў Беларусі»

  • 11.10.2026, 8:59

Немагчыма карыстацца Yandex Go і іншымі сэрвісамі.

У выніку атакі ўкраінскіх беспілотнікаў пашкоджана інфраструктура дата-цэнтра «Яндэкса» ў расійскім Уладзіміры. Праца дата-цэнтра цалкам спыненая. Інфармацыю пра гэта пацвердзіла прэс-служба гэтай кампаніі.

Пацярпелых няма, профільныя службы ўжо працуюць на месцы і ліквідуюць наступствы, адзначаюць у кампаніі.

«Астатнюю канфігурацыю рэсурсаў лічым няўстойлівай. Рэжым працы платформы аварыйны — рэкамендуем задзейнічаць любыя іншыя альтэрнатыўныя планы для аварыйнага аднаўлення. Каналы сувязі з тэхнічнай падтрымкай могуць працаваць нестабільна. Каманда працуе над ацэнкай шкоды і магчымымі планамі па аднаўленні працы», — адзначае «Яндэкс».

Карыстальнікі з Беларусі таксама сутыкнуліся з праблемамі. На дадзены момант не працуе сэрвіс замовы таксі «Яндэкс GO». «Падобна, пасля гэтай ночы «Яндэкс» лёг і ў Беларусі», «Няўжо «Яндэкс Таксі» ў Беларусі — усё???», «У нас сёння працоўная пошта з раніцы ўжо не працуе», — пішуць карыстальнікі, прыкладаючы скрыншоты пра тое, што выклікаць таксі немагчыма. На аналагічную праблему скардзяцца карыстальнікі ў Расіі і Казахстане, паведамляе «Зеркало».

Гэта трэцяя атака на дата-цэнтры «Яндэкса» за апошнія дні. 8 кастрычніка Узброеныя сілы Украіны атакавалі аб'ект у Сасаве Рязанскай вобласці, 9 кастрычніка — у Калуге.

Апошнія навіны