«Яндэкс» можа застацца без дата-цэнтраў на гады
- 11.10.2026, 10:25
Наступствы удараў ЗСУ аказаліся больш сур'ёзнымі за санкцыі.
У расійскага IT-манапаліста «Яндэкс», верагодна, будуць вялікія праблемы з аднаўленнем сваіх дата-цэнтраў, пашкоджаных у ходзе вайны. Рамонт зойме не менш за год, і гэта паводле самых аптымістычных прагнозаў. Пра гэта паведаміў расійскі канал «Время госзакупок», перадае Dialog.UA.
Рэсурс сцвярджае, што праблема «Яндэкса» значна сур'ёзнейшая, чым санкцыі. Аднаўленню знішчаных платформаў перашкодзіць глабальны дэфіцыт памяці на сусветным рынку. РФ проста не зможа набыць неабходнае высокатэхналагічнае абсталяванне: попыт вельмі моцна пераўзыходзіць прапанову.
Напрыклад, адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў паўправадніковай памяці Micron Technology ужо прадаў практычна ўсю сваю прадукцыю на 2027 год. Цяпер перамовы з кліентамі ідуць аб пастаўках на 2028-ы.
Samsung, які з'яўляецца сусветным лідарам па вытворчасці чыпаў, таксама заняты замовамі ўжо на наступны год. Вытворцы з Кітая задушаныя санкцыямі і не здольныя забяспечыць стабільны паток паставак.
«Нарашчванне ЦОД у Расіі тармозіцца не з-за дэфіцыту рэсурсаў, грошай або санкцый, а з-за чаргі на памяць і чыпы», — канстатаваў рэсурс.
А тым часам Украіна атакавала ўжо трэці буйны дата-цэнтр «Яндэкса». 8 кастрычніка дроны знішчылі пляцоўку ў Сасаве, 9 кастрычніка — у Калуге, мінулай ноччу — ва Уладзіміры.
Найбольш балючая страта для гіганта — Сасава. Там размяшчаліся два з трох суперкамп'ютараў кампаніі, якія навучалі YandexGPT і нейрасеткі. Цяпер у IT-манапаліста застаўся адзіны дзеючы буйны дата-цэнтр у Мыцішчах (Падмаскоўе). Ён узяў на сябе асноўную нагрузку з іншых аб'ектаў. І, судзячы па ўсім, не спраўляецца.
Расіяне масава скардзяцца на праблемы з ключавымі сэрвісамі кампаніі. Cloudflare Data Explorer таксама фіксуе зніжэнне на 49% трафіку ад крамлёўскіх ботаў. На фоне таго, што адбылося, «Яндэкс» зняў з сябе адказнасць перад кліентамі за невыкананне абавязацельстваў пры атаках дронаў і абстрэлах. Кампанія ў тэрміновым парадку змяніла аферту, уключыўшы ў яе пункт пра «абставіны непераадольнай сілы».