Bloomberg: Адзін з найбагатых расіян назваў галоўную праблему эканомікі РФ
- 11.10.2026, 10:47
Крэмль не апраўдаў чаканні расійскіх бізнес-эліт.
Адзін з найбагатых людзей Расіі і кіраўнік горназдабыўной кампаніі «Норнікель» Уладзімір Патанін заявіў, што галоўная праблема для бізнесу ў Расіі — гэта недахоп інвестыцый, паведамляе Bloomberg (пераклад — сайт Charter97.org).
«Мы пакуль не можам сказаць, што прайшлі найніжэйшую кропку», — сказаў Патанін.
Улады імкнуцца збалансаваць бюджэт. Гэта можа стварыць умовы для зніжэння ключавой стаўкі і іншых мер падтрымкі эканомікі. Аднак рост падаткаў можа звесці гэтыя намаганні на нішто.
Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі прагназуе рост ВУП усяго на 0,6% у гэтым годзе. Пры гэтым дэфіцыт бюджэту павялічваецца, бо Масква накіроўвае ўсё больш сродкаў на вайну супраць Украіны і вымушаная шукаць дадатковыя даходы за кошт бізнесу.
Для горназдабыўных кампаній улады прадугледзелі падатак на звышпрыбытак у памеры да 30% на 2027–2029 гады. «Норнікель» уваходзіць у лік кампаній, якія пацерпяць ад гэтай меры мацней за іншых.
Патанін пагадзіўся, што бізнесу давядзецца плаціць больш падаткаў, але заявіў, што дадатковыя зборы павінны спаганяцца толькі з прыбытку. Непрадказальнасць падатковай палітыкі замінае кампаніям планаваць інвестыцыі і можа аказацца больш сур'ёзнай перашкодай, чым высокія стаўкі або недахоп капіталу.
Мільярдэр таксама нагадаў, што два гады таму бізнес падтрымаў падатковыя рэформы, разлічваючы на стабільнасць правілаў да 2030 года. Аднак гэтыя чаканні не апраўдаліся.
Патанін займае трэцяе месца сярод найбагатых расіян паводле Bloomberg Billionaires Index. Ягонае багацце ацэньваецца ў $22 млрд.