BE RU EN

Марыя Калеснікава выступіла з сімфанічным аркестрам у Аўстрыі

  • 11.10.2026, 13:59

Былая палітзняволеная назвала гэта «квантавым скачком».

Пасля больш як пяцігадовага перапынку Марыя Калеснікава выступіла як салістка з Венскім радыёсімфанічным аркестрам ORF. У аўстрыйскім Грацы яна ўдзельнічала ў сусветнай прэм'еры твора Radiophobia, прысвечанага Чарнобылю.

«Гэта сапраўдны квантавы скачок для мяне! Яшчэ год таму я не была ўпэўненая, што калі-небудзь змагу вярнуцца на сцэну ў якасці салісткі», — напісала Калеснікава ў «Фэйсбуку» пасля канцэрта.

Выступ адбылося 9 кастрычніка на фестывалі ORF musikprotokoll. Калеснікава грала на флейце, а разам з ёю выступіла ўкраінская спявачка, сапрана Вікторыя Вітрэнка, якую Марыя называе сваёй дарагой сяброўкай.

«Пасля больш як пяці гадоў перапынку зноў граць з сімфанічным аркестрам, адчуваць неверагодную энергію сцэны і публікі — я да гэтага часу не магу паверыць, што гэта адбываецца!» — падзялілася Калеснікава.

Radiophobia: a silent requiem for Chornobyl («Радыяфобія: ціхі рэквіем па Чарнобылі») — гэта канцэрт для флейты і сапрана з аркестрам кампазітара Лявона Швірса.

З фестывалем ORF musikprotokoll Марыю звязваюць асаблівыя дачыненні. Калі Марыя была ў зняволенні, арганізатары разам з Універсітэтам музыкі і выканаўчых мастацтваў Граца праводзілі мерапрыемствы ў яе падтрымку. На сцэну ставілі яе флейту — як знак адсутнасці самой музыканткі. У 2024 годзе Вітрэнка прысвяціла ёй сольны вечар, а цяпер яны выйшлі на сцэну разам.

«Якое шчасце вярнуцца ў свой свет музыкі, творчасці, сяброўства і свабоды!» — напісала Марыя.

Нагадаем, у студзені гэтага года Марыя Калеснікава дала інтэрв'ю выданню Financial Times, у якім заклікала еўрапейскіх лідараў да дыялогу з Лукашэнкам. Былая палітзняволеная Наталля Дуліна адказала Калеснікавай на заклік да перамоваў з дыктатарам.

Апошнія навіны