У Мінсувязі расказалі, чаму перастаў працаваць партал «Обращения.бел»
- 11.10.2026, 14:21
Пра ўцечку даных беларусаў ведамства маўчыць.
11 кастрычніка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі напісала ў тэлеграм-канале, што сэрвісы дзяржаўнай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і арганізацый часова выйшлі з ладу.
Прычынай збою ў міністэрстве назвалі адну — тэхнічныя работы. Пра іх завяршэнне і аднаўленне доступу паабяцалі паведаміць асобна, але тэрміны не ўдакладнілі.
Праз «Обращения.бел» грамадзяне падаюць у дзяржорганы заявы, прапановы і скаргі і адсочваюць, як іх разглядаюць. Пачынаючы з 2023 года менавіта гэтая платформа застаецца адзіным каналам для электронных зваротаў у дзяржаўныя ўстановы.
Незадоўга да гэтага з’явілася інфармацыя, што даныя карыстальнікаў сэрвісу трапілі ў сетку. У тэлеграм-боце «Шэрлак» знайшлі іх імёны і кантактныя даныя, часам — ідэнтыфікацыйныя нумары, а таксама змест саміх зваротаў. Сярод іншых там апынуліся лісты прапагандысткі Людмілы Гладкай і прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай.
Афіцыйнай заявы пра ўцечку не публікавалі.