Украінскія дроны зноў ударылі па СПА РФ каля Сочы
- 11.10.2026, 18:49
На тэрыторыі вайсковай часці успыхнуў пажар.
У ноч на 11 кастрычніка ўзнік пажар на месцы дыслакацыі расійскай сістэмы супрацьпаветранай абароны ў Сочы, пра што сведчаць дадзеныя маніторынгавага сэрвісу NASA FIRMS. Паводле дадзеных сэрвісу, спадарожнік зафіксаваў пажар а 02:29 па мясцовым часе.
Раней у горадзе была абвешчаная паветраная трывога, уведзены абмежаванні на палёты самалётаў. Маніторынгавая група «Крымскі вецер» паведаміла пра пажар у вайсковай часці СПА №03110 на федэральнай тэрыторыі «Сірыус» паблізу Сочы.
Як піша ваенны партал «Мілітарны», пазіцыю СПА атакавалі ўдарныя дроны Сіл абароны Украіны.
«Месяцам раней на гэтай тэрыторыі таксама фіксавалі паражэнне сістэмы СПА і наступную дэтанацыю ракет. Тады мэтай стала расійская сістэма супрацьпаветранай абароны С-300», — гаворыцца ў артыкуле. Як дадалі аналітыкі, украінскія дроны паразілі як саму пускавую ўстаноўку, так і тэрыторыю, дзе размяшчаліся дадатковыя элементы комплексу.
Тады украінскія дроны нанеслі камбінаваныя ўдары па нафтавай інфраструктуры Сочы, у прыватнасці па нафтабазах «Роснефти» і ООО «Лукойл-Югнафтопродукт». Зыходзячы са спадарожнікавых здымкаў, на нафтабазе «Роснефти» былі знішчаныя шэсць рэзервуараў, а на аб’екце «Лукойл-Югнафтопродукт» — знішчаныя або пашкоджаныя яшчэ тры.