У Беларусі рыхтуюць змяненне для цяжарных
- 12.10.2026, 10:31
Яго ўключаць у Працоўны кодэкс.
У Беларусі плануюць дапоўніць працоўнае заканадаўства нормай, якая дазволіць цяжарным працаўніцам законна адлучацца з працы для здачы абавязковых аналізаў і наведвання лекараў. Пра гэта ў эфіры дзяржТБ заявіла член так званай «палаткі» Анжэліка Курчак.
Паводле яе слоў, ідэя з’явілася пасля рэальных зваротаў грамадзян. Яна распавяла, што на сустрэчы з выбаршчыкамі да яе падышоў мужчына са скаргай: кіраўніцтва яго цяжарнай жонкі адмаўлялася адпускаць яе ў паліклініку ў працоўны час.
Курчак адзначыла, што ў дзейнай рэдакцыі Працоўнага кодэкса няма нормы, якая рэгулюе прадастаўленне вольных ад працы гадзін для праходжання планавых медыцынскіх абследаванняў.
«Гэтае пытанне мы ўжо папярэдне прапрацавалі ў нашых профільных камісіях. Пытанне я прапрацавала і з Міністэрствам аховы здароўя. Спадзяюся, што калі да нас прыйдзе гэты законапраект, я буду ініцыяваць унясенне такога дапаўнення ў наш Працоўны кодэкс», – адзначыла так званая дэпутат.