«Януковіч зляг з гіпертанічным крызам»
- 12.10.2026, 9:37
Стала вядома пра ключавую сустрэчу Пуціна і экс-прэзідэнта Украіны.
Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч пасля сустрэчы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у кастрычніку 2013 года зляг з гіпертанічным крызам. Пасля гэтага ў камандзе ўкраінскай улады пачаўся хаос, а прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў пачалі блакаваць законы аб еўраінтэграцыі. Пра гэты інцыдэнт расказала былая народная дэпутатка Інна Багаслоўская, піша «Главком».
Паводле слоў былой дэпутаткі, у верасні 2013 года фракцыя Партыі рэгіёнаў і партыйная эліта амаль аднагалосна падтрымлівалі еўрапейскі курс Украіны. У прыватнасці, 4 верасня падчас сходу ў кінатэатры «Зоряный» за падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам у Вільнюсе прагаласавалі практычна ўсе прысутныя чыноўнікі, мэры і бізнесмены. Супраць выступіла толькі Алена Бандарэнка, а Нестар Шуфрыч устрымаўся.
Паводле сцвярджэння Багаслоўскай, сітуацыя кардынальна змянілася пасля паездкі Януковіча да Пуціна ў кастрычніку 2013 года. Былая дэпутатка заявіла, што падчас сустрэчы расійскі лідар запалохаў тагачаснага ўкраінскага прэзідэнта.
Пасля вяртання ў Кіеў Януковіч упершыню за гады знаходжання на высокіх пасадах перанёс гіпертанічны крыз, сцвярджае Багаслоўская. На гэтым фоне ў камандзе тагачаснай улады пачаўся хаос, а законы аб еўраінтэграцыі пачалі блакаваць ужо ўнутры самой Партыі рэгіёнаў. Гэтыя падзеі папярэднічалі адмове ўкраінскіх уладаў ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС на саміце ў Вільнюсе восенню 2013 года.