Мікалай Статкевіч распавёў пра сапраўдных беларускіх афіцэраў
- 12.10.2026, 10:44
35 гадоў таму адбыўся ўстаноўчы з’езд БЗВ.
Лідар беларускай апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч узгадвае ў Telegram пра легендарную арганізацыю Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў (БЗВ), якая стаяла ля вытокаў нараджэння войска незалежнай Беларусі:
— Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў (БЗВ) было заснавана 19–20 жніўня 1991 года ў Мінску падчас жнівеньскага путчу 1991 года. А 12–13 кастрычніка 1991 года, 35 гадоў таму, адбыўся ўстаноўчы з’езд грамадскай арганізацыі, які вызначыў мэты БЗВ: абарона незалежнасці Беларусі, стварэнне беларускага войска і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства.
У з’ездзе ўзялі ўдзел дзясяткі афіцэраў-беларусаў з усіх куткоў былога Савецкага Саюза.
З’езд даў магутны штуршок развіццю арганізацыі. Ячэйкі БЗВ узніклі ў гарнізонах па ўсёй тэрыторыі Беларусі. А правядзенне 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску цырымоніі прысягі на вернасць Беларусі дазволіла стварыць харугвы БЗВ з вайскоўцаў запасу ва ўсіх раёнах сталіцы.
БЗВ дамаглося стварэння беларускага войска, стала ініцыятарам стварэння Антыкрызіснага камітэта ўсіх асноўных палітычных сіл краіны для абароны незалежнасці, арганізавала напісанне і публікацыю ў газетах у паўтарамільённым агульным накладзе кароткага агляду раней забароненай ваеннай гісторыі Беларусі «Забытая слава», рэгулярна праводзіла масавыя святкаванні дат ваенных перамог нашых продкаў.
25 сакавіка 1993 года, пасля заявы ўрада Кебіча пра намер адмовіцца ад нацыянальнай валюты і перайсці на расійскі рубель, БЗВ правяло на галоўным праспекце Мінска марш у абарону незалежнасці пад лозунгам: «Народ, абараняй сябе сам!»:
— Тысячы мужчын пад барабанны бой пад кіраўніцтвам актывістаў БЗВ прайшлі строем па праспекце імя Францыска Скарыны.
Гэта зрабіла вялікае ўражанне на ўрад, і ад увядзення чужой валюты адмовіліся. Але пасля гэтага Вярхоўны Савет прыняў рашэнне ўнесці змены ў закон «Аб статусе ваеннаслужачых», згодна з якімі ваеннаслужачым забаранялася займацца любой «грамадска-палітычнай» дзейнасцю, што трактавалася ўладамі не толькі як забарона на ўдзел у працы палітычных партый, але і ў дзейнасці любых грамадскіх арганізацый. Нават «таварыстваў сабакаводаў», як яны казалі.
У выніку афіцэраў-патрыётаў паставілі перад выбарам: вайсковая служба альбо сяброўства ў БЗВ. Найбольш прыкрае, што гэтыя змены ў закон падтрымала фракцыя БНФ. Мне дагэтуль незразумелыя матывы, паводле якіх кіраўніцтва гэтай партыі дапамагло ўраду Кебіча расправіцца з патрыятычнай арганізацыяй афіцэраў. Няўжо з-за банальнай рэўнасці да росту папулярнасці грамадскай арганізацыі?
Недарэмна тагачасны міністр абароны Казлоўскі ў прысутнасці афіцэрскага сходу Ваеннай акадэміі радасна крычаў мне праз усю залу: «БНФ вас здрадзіў!» Кіраўніцтва БЗВ, каб пазбегнуць звальненняў з войска сваіх паплечнікаў, прыняло рашэнне аб спыненні сяброўства ў арганізацыі ўсіх кадравых афіцэраў, акрамя старшыні арганізацыі. У выніку БЗВ засталося без вопытнага актыву і прысутнасці ў войску.
Арганізацыя атрымала моцны ўдар. А пазней, на пачатку 1994 года, з-за ўдзелу яе сяброў у ахове страйку рабочых, была пазбаўлена юрыдычнай рэгістрацыі. Пасля чаго была зарэгістраваная ўжо пад іншай назвай.
Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў актывісты БЗВ арганізавалі Грамадскую кантрольную камісію, якая аб’яднала прадстаўнікоў усіх апазіцыйных кандыдатаў і не дапусціла масавых фальсіфікацый выбараў.
За сваю кароткую і яскравую гісторыю БЗВ зробіла вельмі шмат для Беларусі і яе незалежнасці. Можа, таму што, у адрозненне ад аналагічных арганізацый у суседніх былых савецкіх рэспубліках, яе стварылі і ўзначалілі не пакрыўджаныя начальствам вайскоўцы, а паспяховыя афіцэры, якімі рухала, перш за ўсё, любоў да нашай краіны і жаданне бачыць яе вольнай і незалежнай.