Уіткоф і Кушнер адклалі паездку да Пуціна
- 12.10.2026, 13:56
СМІ назвалі прычыну.
Візіт спецпрадстаўнікоў прэзідэнта ЗША Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера у Маскву для сустрэчы з Уладзімірам Пуціным адкладзены, паведамляюць крыніцы Axios. Амерыканцы павінны былі адправіцца ў Расію пасля перамоў з украінскай дэлегацыяй у Маямі, якія перарваліся пасля таго, як Дональд Трамп абвясціў пра «дызельную» здзелку з Крамлём.
Прычына адкладання — крызіс у адносінах Вашынгтона і Кіева з-за паліўнай здзелкі і заявы Трампа пра тое, што ўкраінцам пара змяніць прэзідэнта на таго, хто, паводле яго слоў, зможа заключыць здзелку з Пуціным. Паводле звестак выдання, візіт адкладзены як мінімум да той пары, пакуль не стане ясна, ці гатовыя Украіна і еўрапейскія краіны падтрымаць «новую адзіную прапанову для Пуціна».
Раней дасведчаны амерыканскі чыноўнік распавёў Axios, што пасланцы Трампа планавалі ўжо на гэтым тыдні наведаць і Маскву, і Кіеў, каб абмеркаваць мірнае ўрэгуляванне. «Мы хочам выпрацаваць новую прапанову, якая будзе дастаткова прымальнай, каб прымусіць яго [Пуціна] спыніцца», — паведамляў суразмоўца.
Паводле слоў неназванай крыніцы ТАСС, Кушнер і Уіткоф усё яшчэ маюць намер паехаць у Маскву, але пакуль «ёсць складанасці з разуменнем пазіцыі Кіева». «Яны прыедуць, але з выразным разуменнем гэтай пазіцыі», — заявіў суразмоўца агенцтва. Ён не выключыў, што візіт адбудзецца цягам бліжэйшых двух тыдняў.
Крыніцы Axios паведамлялі, што на перамовах у Маямі, дзе прысутнічалі таксама прадстаўнікі ЕС і НАТА, Уіткоф і Кушнер працавалі над узгадненнем гарантый бяспекі Кіеву з боку Захаду ў межах магчымай мірнай дамовы. Акрамя таго, былі агучаныя новыя прапановы па тэрытарыяльным урэгуляванні, але іх падрабязнасці не раскрываліся.
Перамовы мусілі праходзіць 9 і 10 кастрычніка, але скончыліся пасля першага дня.