Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў абраз, створаны штучным інтэлектам
- 12.10.2026, 14:04
Магчыма, гэта адбылося ўпершыню ў свеце.
У касцёле святой Марыі Магдалены ў Навалукомлі архібіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч блаславіў новы абраз святога Карла Акуціса, паведамляе Katolik.life.
Пра тое, што выяву спецыяльна стварылі з дапамогай штучнага інтэлекту, падчас анлайн-трансляцыі Імшы распавёў настаяцель парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі.
Абраз размясцілі ў бакавым алтары. Ён будзе служыць завесай для абраза галоўнай пакроўніцы парафіі — святой Марыі Магдалены.
Паводле слоў настаяцеля, выявы гэтых двух святых яднаюць евангельскую гісторыю I стагоддзя з патрэбамі сучаснага лічбавага свету.
Карло Акуціс стварыў інтэрнэт-каталог эўхарыстычных цудаў і выкарыстоўваў сетку для распаўсюджвання каталіцкай веры. Ён памёр ва ўзросце 15 гадоў, а ў 2025 годзе быў кананізаваны. Яго называюць патронам моладзі і інтэрнэту.