BE RU EN

Разін пазбавіўся правоў на песні «Ласкавага мая»

  • 12.10.2026, 20:31

Суд прызнаў дамову з Юрыем Шатуновым неўкладзенай.

Суд у Маскве прызнаў неўкладзенай дамову, паводле якой прадзюсар Андрэй Разін прэтэндаваў на правы на творчасць Юрыя Шатунава. Гэта новы паварот у шматгадовай барацьбе за хіты «Ласкавага мая» — «Белыя ружы», «Сівую ноч» і іншыя песні, якія ведае не адно пакаленне слухачоў.

Шчарбінскі раённы суд Масквы 9 кастрычніка часткова задаволіў пазоў удавы спявака Святланы Шатунавай, якая абараняе інтарэсы іхніх дзяцей. Пра гэта паведаміла прэс-служба маскоўскіх судоў.

Спор датычыўся дамовы ад 14 верасня 2013 года. Паводле гэтага дакумента, Шатунаў нібыта перадаў Разіну выключныя правы на свае творы, выявы, а таксама шэраг іншых правоў, звязаных з творчасцю артыста.

Удава спявака аспрэчыла пагадненне. Суд часткова задаволіў яе патрабаванні, прызнаўшы дамову неўкладзенай. Такім чынам, Разін страціў яшчэ адну юрыдычную падставу, на якую спасылаўся ў барацьбе за спадчыну Шатунава.

Гэтая гісторыя цягнецца не адно дзесяцігоддзе. Галоўныя хіты «Ласкавага мая» напісаў заснавальнік гурта Сяргей Кузняцоў, а праславіў іх голас Юрыя Шатунава. Прадзюсар Андрэй Разін, са свайго боку, заяўляў, што правы на песні належаць яму.

Разін спасылаўся на дамову 1992 года, паводле якой Кузняцоў нібыта перадаў яму правы на 27 кампазіцый. Аднак арыгінал гэтага дакумента прадзюсар у судзе не прадставіў.

У 2019 годзе Кузняцоў заключыў дамову з Шатуновым аб перадачы выключных правоў на 23 песні, уключаючы «Белыя ружы», «Сівую ноч» і «Ружовы вечар».

У чэрвені 2022 года Шатунаў памёр ва ўзросце 48 гадоў. Правы на песні перайшлі ў спадчыну яго ўдаве і двум дзецям. Але судовыя разбіральніцтвы з Разіным прадоўжыліся.

У 2024 годзе суд у Сочы прызнаў правы сям'і Шатунава на 23 кампазіцыі. У красавіку 2025-га касацыйны суд пацвердзіў гэта рашэнне, адхіліўшы скаргу Разіна.

А ў маі 2026 года Краснадарскі краёвы суд скасаваў рашэнне 2007 года, на падставе якога Разін заяўляў пра сваё аўтарства песень «Ласкавага мая».

Цяпер суд разгледзеў яшчэ адзін спрэчны дакумент — дамову 2013 года паміж самім Шатуновым і Разіным.

Кастрычніцкае рашэнне не перадае сям'і песні нанова: правы на 23 хіты ўжо былі прызнаныя за спадкаемцамі спявака. Яно тычыцца асобнага пагаднення, з дапамогай якога Разін прэтэндаваў на правы, звязаныя з творчасцю і вобразам артыста.

Такім чынам, сям'я Шатунава дабілася яшчэ аднаго судовага рашэння на сваю карысць у шматгадовай спрэчцы з былым прадзюсарам «Ласкавага мая».

Былы прадзюсар «Ласкавага мая» ўжо некалькі гадоў жыве па-за межамі Расіі. Па звестках расійскіх СМІ, ён з'ехаў у ЗША, а пазней атрымаў грамадзянства Турцыі. У лістападзе 2025 года Разіна абвясцілі ў міжнародны вышук па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры, а затым заочна арыштавалі.

Следства падазрае яго ў выкарыстанні падробленых дамоваў дзеля атрымання выплат за песні гурта. Сам прадзюсар абвінавачанні адхіляе і, паводле паведамленняў СМІ, вяртацца ў Расію не мае намеру.

Апошнія навіны