Экс-пасланнік ЗША па Украіне раіць Кіеву паліць расійскія НПЗ
- 13.10.2026, 9:07
Кіт Келлог заклікаў ігнараваць пагрозы прэзідэнта ЗША.
Былы спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Украіне генерал Кіт Келлог не згаджаецца з пунктам гледжання, што ініцыятыва ў вайне паміж Расіяй і Украінай, у прыватнасці з-за заключанай з ЗША дызельнай здзелкі, пераходзіць на бок Масквы. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю «Нямецкай хвалі» у панядзелак, 12 кастрычніка, на палях канферэнцыі па бяспецы ў Варшаве, параіўшы ўкраінскім вайскоўцам, нягледзячы на пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, працягваць знішчаць расійскія НПЗ.
Сваю пазіцыю Келлог патлумачыў тым, што ў выпадку «дызельнага пагаднення» гаворка, на ягоны погляд, ідзе пра пастаўкі крайна нязначных аб’ёмаў паліва. «Гэтая здзелка ў значна большай ступені абумоўленая ўнутранымі прычынамі ў ЗША і прызваная паказаць, што нешта робіцца», — патлумачыў амерыканскі генерал.
Ён таксама не падтрымлівае ідэю пра тое, што кіраўнік Белага дома «здрадзіў Украіне». На яго думку, тыя ў Еўропе, хто так лічыць, памыляюцца. На адпаведнае пытанне генерал Келлог адказаў сустрэчным рытарычным пытаннем: «Чаму Еўропа дагэтуль набывае 3% сваёй нафты ў Расіі? Чаму 15% звадкаванага прыроднага газу па-ранейшаму паступае з Расіі? Ці азначае гэта, што і вы здрадзілі Украіне?»
Былы спецпрадстаўнік Трампа па Украіне прызнаў, што Кіеў можа прайграць вайну, калі сітуацыя не зменіцца. «Але нельга проста заставацца ў баку. Нельга здавацца, — перакананы ён. — Менавіта гэтага дамагаецца Пуцін: каб вы апусцілі рукі. Не варта даваць яму гэтага».
Пры гэтым Кіт Келлог высока ацаніў крокі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якія, на яго думку, прымушаюць Расію плаціць усё большую цану за свае дзеянні.
На пытанне пра тое, як варта рэагаваць Кіеву на заклікі Дональда Трампа да Уладзіміра Зяленскага не наносіць удары па нафтаперапрацоўчых заводах у Расіі, амерыканскі генерал адказаў коратка: «Паліць НПЗ».