Кітай тэрмінова ўзмацняе кантроль на мяжы з Расіяй
- 13.10.2026, 8:42
У Пекіне баюцца, што РФ можа ўтойваць інфармацыю пра чуму.
Кітай узмацняе санітарны кантроль на мяжы з Расіяй пасля паведамленняў пра магчымы выпадак лёгачнай чумы ў Сібіры. У памежных рэгіёнах ужо праводзяцца тэрміновыя нарады і рыхтуюць дадатковыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.
Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле The Telegraph.
У горадзе Маньчжоулы ўлады адзначылі неабходнасць узмацніць эпідэміялагічны нагляд сумесна з портавымі і мытнымі службамі. Ідзе гаворка пра кантроль за людзьмі, грузамі і іншымі трансгранічнымі перамяшчэннямі.
У Хулунбуіры, каля 200 км ад Маньчжоулы, абнародавалі асобнае папярэджанне для людзей, якія нядаўна вярнуліся з Расіі. Ім раяць уважліва сачыць за магчымымі сімптомамі.
Пры гэтым кітайскі бок прызнае, што выпадак у Расіі пакуль не атрымаў канчатковага пацверджання. У той жа час з-за спецыфікі ўстановы, дзе адбылася смерць, а таксама прыродных ачагоў чумы ў рэгіёне мясцовыя ўлады ўжо абмяркоўваюць меры па зніжэнні рызык.
Заўважым, у Іркуцку памерла 28-гадовая супрацоўніца Іркуцкага супрацьчумнага інстытута. Расійскія ўлады афіцыйна заявілі, што прычынай смерці стала пнеўманія невядомага паходжання, а ўзбуджальнік чумы ў загінулай нібыта не выяўлены.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) заявіла, што яна не мае поўнай карціны сітуацыі вакол магчымага заражэння чумой у Расіі.