«Дык што, у вас там увесь калектыў звольніўся?»
- 13.10.2026, 11:07
Беларусы высмеялі масавы пошук супрацоўнікаў у Белдзяржцырку.
Беларускі дзяржаўны цырк апублікаваў у Threads аб'яву пра пошук супрацоўнікаў. Судзячы па спісе, установе не хапае не толькі артыстаў, але і дапаможнага персаналу, уключаючы прыбіральшчыкаў, ахоўніка і эканаміста, піша «Салідарнасць».
У спісе — 15 вакансій. Цікава, што заробкі ў тым жа допісе ўстанова культуры чамусьці не прывяла. Іх няма і на афіцыйным сайце Белдзяржцырка, дзе аб'ява пра пошук супрацоўнікаў увогуле датаваная 2023 годам.
А вось у рэспубліканскай базе вакансій можна даведацца, што заробкі прадугледжаным супрацоўнікам вар'іруюцца ад 375 рублёў (столькі абяцаюць дрэсіроўшчыку, на чвэрць стаўкі) да двух з паловай тысяч рублёў (для акрабатаў, наезніка, эквілібрыста).
Эканамісту, дарэчы, гатовыя плаціць менш — да 2 тысяч рублёў, як і артысту балета. Пры гэтым інтэрнат, судзячы з пазнак у тэксце вакансій, гатовыя даць толькі прыбіральшчыкам.
За дзень пост набраў больш за 160 тысяч праглядаў і паўтысячы каментарыяў.
«Дык што, у вас там увесь калектыў звольніўся?» — дзівяцца беларусы. Шмат хто пры гэтым адзначае, наколькі нізкія заробкі прапануе цырк за вялікую нагрузку і адказнасць. А што яшчэ пішуць беларусы пра такі дзіўны пошук супрацоўнікаў? Шмат сумнай іроніі і чорнага гумару.
«Да апошняга быў упэўнены, што гэта пачатак анекдоту».
«Растлумачце, куды ўсе работнікі падзеліся?»
«Можна было проста напісаць: У Беларускі дзяржаўны цырк патрабуюцца ўсе. Не пост, а нейкі цырк, чэснае слова».
«Добры заробак толькі ў клоўнаў? Судзячы з таго, што такіх вакансій няма». (Наогул ёсць адна вакансія артыста-кавёрнага — гэта клоўн, які падчас прадстаўлення запаўняе паўзы паміж нумарамі. — С.).
«Смешныя грошы».
«Атрымліваецца, цырк з'ехаў, а клоўны засталіся; збіраеце новы цырк, але са старымі клоўнамі».
«Вось гэта дэмарш, такога ніхто не ўчыняў з 1917 года». «Вы забылі закрыць клетку з тыграмі?»
«Дык што ж такое трэба было зрабіць, каб звольніліся ўсе — ад буфетчыкаў да артыстаў».
«Мяне больш рассмяшыла, што яшчэ і рэзюмэ трэба высылаць. Так, падаеце рэзюмэ на буфетчыка 3-га разрада? Кім працавалі? Кім бачыце сябе праз пяць гадоў? Той момант, калі назва установы працадаўцы цалкам апраўдана».
«Бярыце любога выхавацеля з дзіцячага садка. Хопіць аднаго на ўсе пасады». — «Яшчэ і ў гарадскіх конкурсах паўдзельнічае, а восенню будзе грабаць лісце». — «Яшчэ і касцюмы вырабіць любай тэмы і любай складанасці».
«Клоўн не патрэбны? Мой былы працу шукае». — «З маім у дуэце будуць выступаць. Мой яшчэ і фокуснік знатны: раз — і знік».
«Так-с, мы толькі білеты купілі на 1.11. Калі вы шукаеце цэлы штат, то на каго мы глядзець будзем?» — «На сумоўе».
«То-бок, навагодняга прадстаўлення не будзе?»
«Калі я бабулю з сабой вазьму, вакансія дрэсіроўшчыка будзе занятая першай».
Усім, хто пытаецца, — вакансія вядучага клоўна зачынена з 1996 года.
«Па ўсім відаць, у вас толькі стараж не ўцёк».
«Праверку КДБ не прайшлі папярэднія?»
«Ёсць адзін персанаж: у геапалітычным шпагатзе на чатырох крэслах ужо больш за 30 гадоў спрабуе ўседзець. Але яму 72. Вазьмяце пенсіянера?»
«Цікавыя пасады ў парламенте вызваліліся».
«Відаць, беларусам і ў жыцці цырку хапае».