«Ужо які год Лукашэнка чэша патыліцу»
- 13.10.2026, 13:19
Што не так з беларускімі дровамі і пелетамі.
Кіраўнік Беларусі паскардзіўся, што Польшча, Літва і іншыя суседзі «упіраюцца» і не хочуць «браць па прымальнай цане» дровы і паліўныя пелеты (спрасаваныя ў гранулы адходы дрэваапрацоўкі: пілавінне, шчэпкі, кара і г.д. – рэд.), хоць там гэтая прадукцыя падаражэла.
Маўляў, чамусьці не хочуць удзельнічаць у выгаднай гандлёвай здзелцы, адмаўляюцца. А калі так, дык няхай потым пеняюць самі на сябе.
«Заўтра мы ім не зможам прадаць», — пагразіў Лукашэнка. Чаму? Ды таму, што «такая карова патрэбна самому». Беларусь, паводле ягонай версіі, «масава пачала пераходзіць на гэтыя дровы і пелеты» і яны «самім будуць патрэбныя».
Такія трывожныя прагнозы выклікаюць нямала пытанняў: дык што, электрычнасці і газу не будзе? Ці будзе, але мала? Ці Лукашэнка ведае нешта такое, чаго яшчэ не ведаем мы?
Адказваючы на гэтыя пытанні «Салідарнасці», старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, член Адміністрацыйнага савета Міжнароднай арганізацыі працы Аляксандр Ярошук патлумачыў, што ўся справа ў эканамічных санкцыях.
– Да 2022 года Беларусь была адным з асноўных экспарцёраў у Еўропу дроў і пелет. У краіне створаныя велізарныя магутнасці па вытворчасці гэтай прадукцыі. Калі ў свеце вырабляецца 31 млн тон пелет, дык з іх 900 тысяч тон — беларускія.
Пасля ўвядзення санкцый еўрапейскія краіны адмовіліся закупляць у нас пелеты і дровы. І цяпер ужо які год Лукашэнка чэша патыліцу, думаючы, куды падзець гэтае паліва. Першапачаткова сцвярджаў, што еўрапейцы «ачухацца» і нікуды не дзенуцца, пачнуць купляць. Але дагэтуль яны так і не «ачухаліся», таму праблема і застаецца нявырашанай.
Улады спрабуюць абыходзіць санкцыі, прадаючы пелеты праз трэція краіны, у прыватнасці, праз Турцыю. Але атрымліваецца не надта. Таму цяпер прадпрымаецца спроба выкарыстоўваць пелеты і дровы ўнутры краіны, замяшчаючы традыцыйныя энерганосьбіты — электрычнасць і газ.
Магчыма, нешта і атрымаецца. Але не будзем забываць, што аб’ёмы вытворчасці ствараліся галоўным чынам для экспарту. І наўрад ці магчыма ўсе вырабленыя пелеты і дровы выкарыстоўваць унутры краіны. Нават па льготных цэнах насельніцтва набывае невялікія аб’ёмы гэтага паліва.
Экспарт дроў і пелет — адна з мноства праблем, народжаная недальнабачнай палітыкай цяперашняга рэжыму, які падтрымаў расійскую агрэсію супраць Украіны.
А ў сукупнасці яны ставяць пад вялікі сумнеў будучыню і ўлады, і краіны ў цэлым, калі гэта ўлада здолее захавацца.