Двое беларусаў узялі ў арэнду аўто ў Расіі, знялі GPS і прадалі
- 13.10.2026, 13:46
Яны выкарыстоўвалі падробленыя дакументы.
У Гомелі дваіх мужчын прысудзілі да пазбаўлення волі за махлярства з арандаванымі ў Расіі аўтамабілямі Skoda і Toyota.
Машыны коштам амаль 60 тысяч рублёў яны прадалі, выкарыстоўваючы падробленыя дакументы. Пра гэта паведамілі ў пракуратуры Гомельскай вобласці.
Як усталяваў суд, вясной 2025 года адзін з абвінавачаных вярнуўся з Расіі, дзе быў на заробках, і пераканаў знаёмага ўзяць у арэнду аўтамабіль Skoda па падробленым вадзіцельскім пасведчанні.
Уладальніца аўтамабіля атрымала аплату за тыдзень арэнды. Аднак неўзабаве з дапамогай GPS-трэкера яна выявіла, што аўтамабіль пакінуў межы Расіі. Арандатар перастаў выходзіць на сувязь, піша abw.by.
Па прыездзе ў Беларусь жанчына звярнулася ў праваахоўныя органы. Тым часам абвінавачаны дэмантаваў GPS-трэкер і прадаў Skoda за 4 тысячы долараў.
Шкода ўладальніцы аўтамабіля перавысіла 29,5 тысячы рублёў.
Пазней мужчыны правялі аналагічную схему з Toyota. У Расіі яны ўзялі ў арэнду аўтамабіль, выкарыстоўваючы падробленыя пашпарт і вадзіцельскае пасведчанне, пасля чаго прыбылі на ім у Гомель і прадалі машыну.
У выніку ўладальнік Toyota панёс шкоду на суму больш за 29,8 тысячы рублёў.
Рашэнне суда
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў абодвух мужчын вінаватымі паводле ч. 3 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Аднаму прызначылі 2 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1,8 тысячы рублёў), другому — 2 гады пазбаўлення волі са штрафам у памеры 30 базавых велічынь (1,35 тысячы рублёў). Абодва будуць адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Акрамя таго, аднаму з асуджаных прызначылі прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму па месцы адбывання пакарання.
На карысць уладальніцы Skoda спагналі 1 тысячу рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Абодвум пацярпелым аўтамабілі вярнулі.
Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.