Урокі пратэстаў у Парыжы і Баку для Беларусі
- 13.10.2026, 16:16
Як працуе ненасільніцкі супраціў.
Чытач тэлеграм-канала «Баста!» параўнаў пратэсты ў Азербайджане і Францыі з тым, што было ў Мінску шэсць гадоў таму.
«Гляджу на тое, што адбываецца цяпер у Парыжы, Баку, Берліне, і ўспамінаю 2020-ы ў Беларусі, — піша ён. — Вельмі шкада, што многія з тых, на каго мы тады разлічвалі, мелі нулявыя веды як пра гісторыю супраціву ў нашай краіне, так і пра азы мірнага пратэсту ў свеце.
Падкрэслю — гаворка менавіта пра мірны пратэст, метады і інструменты, якія ён прадугледжвае: байкот, заняцце будынкаў, адмова ад супрацоўніцтва, салідарнасць і ўзаемная падтрымка, абарона сваіх прыхільнікаў.
Звычайныя школьнікі паказалі, як трэба змагацца. Забастоўка плюс ператварэнне «сваіх» будынкаў у апорныя пункты супраціву. Яны проста займаюць школы, у якіх добра арыентуюцца, дзе ведаюць кожны закутак, і адмаўляюцца іх пакідаць. Гэта не новая ідэя: так было ў ЗША ў першай палове мінулага стагоддзя, у Францыі і Польшчы — у другой. Працоўныя або студэнты спыняюць выкананне сваіх абавязкаў, але пры гэтым адмаўляюцца пакідаць свае працоўныя месцы і тэрыторыю прадпрыемства або ВНУ. «Дастаць» іх адтуль практычна немагчыма.
Нешта падобнае некалькі дзён у верасні 2020-га было ў некаторых мінскіх ВНУ. Пішу, бо ўдзельнічаў, памятаю. Тады ідэю пашырэння забастоўкі згарнулі, бо штаб Ціханоўскай наадрэз адмовіўся пайсці нам насустрач і заклікаць да яе ўсе навучальныя ўстановы. Мала таго, ініцыятывы правядзення менавіта «акупацыйнай забастоўкі» спыняліся нейкімі «актывістамі», якія пераконвалі нас, што ўсё, мы ўжо «амаль перамаглі», нічога рабіць не трэба.
2020-ы навучыў нас шмат чаму, у тым ліку адрозніваць сапраўдных лідараў ад падстаўных дылетантаў. Азербайджанскія і французскія школьнікі навучылі нас таму, як граматна выкарыстоўваць усе магчымасці ненасільніцкага супраціву. Веру, што хутка гэты досвед спатрэбіцца ў Беларусі».