«Баранавіцкі хлебазавод двойчы прабіў дно»
- 13.10.2026, 16:46
Усё пачалося з дзіўнай знаходкі ў торце.
Жыхарка Баранавіч выявіла у прадукцыі мясцовага хлебазавода старонні востры прадмет. У сацсетцы Threads яна апублікавала фота і відэа і расказала, чым скончылася перапіска з прадпрыемствам.
«Баранавіцкі хлебазавод двойчы прабіў дно, — піша жыхарка Баранавіч. — Купіла іх торт, пачала есці і потым дастала гэты востры прадмет з рота, не ведаю, што гэта. Я напісала вытворцу выключна з меркаванняў бяспекі, каб папярэдзіць і высветліць, як такое магло трапіць у прадукт. Ок, паведаміла. Падчас перапіскі яны — падкрэсліваю, без якіх-кольвек патрабаванняў з майго боку — самі прапанавалі мне або вяртанне грошай, або новы торт у якасці кампенсацыі.
Я пагадзілася на вяртанне грошай. І што ў выніку? Пасля гэтага паведамлення яны проста зніклі і перасталі адказваць. Вось ужо тры месяцы. Мала таго, што прадукт неякасны, дык яшчэ і абсалютна наплявальніцкае стаўленне. Паабяцалі вярнуць грошы дзеля птушачкі! навошта прапаноўваць? Каб што? Была б блогеркай — дык усё адразу ўладзілі б?»