Другую ноч запар у Маскве не могуць прызямляцца самалёты
- 14.10.2026, 7:59
Мэр заявіў пра масіраваную атаку на сталіцу РФ.
Другую ноч запар у маскоўскіх аэрапортах масава перанакіроўваюць авіярэйсы на фоне масіраванай атакі дронаў. Мэр расійскай сталіцы паведамляе пра дзясяткі беспілотнікаў, якія спрабуюць атакаваць Маскву, піша «Фокус».
Больш за 30 самалётаў, якія паводле плана мусілі прызямліцца ў Маскве, сталічныя аэрапорты перанакіравалі ў іншыя пункты пасадкі ў сувязі з уведзенымі абмежаваннямі. Пра гэта каля 01:00 паведаміла расійскае прапагандысцкае СМІ «ТАСС».
Больш за 20 самалётаў, у прыватнасці, прыняў аэрапорт «Пулкава» ў Санкт-Пецярбургу, паведамляюць расійскія СМІ. «Росавіяцыя» паведаміла, што абмежаванні ў цэлым уведзеныя ў трох буйных аэрапортах Масквы: «Жукоўскі», «Внукава» і «Шарамецьева».
Мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін таксама пісаў пра масіраваны налёт беспілотнікаў на Маскву. Паводле яго звестак, атака на горад пачалася каля паўночы і працягвалася на працягу наступных некалькіх гадзін.
За гэты час Сабянін некалькі разоў паведамляў у сваім Telegram-канале пра працу расійскай супрацьпаветранай абароны. Паводле падлікаў расійскіх СМІ, у цэлым з паўночы да 03:00 СПА нібыта знішчыла не менш як 75 дронаў у наваколлях Масквы.
Паводле слоў мэра, у выніку атакі вядома пра «падзенне абломкаў». На месцах працуюць спецыялісты экстранных службаў. Іншых падрабязнасцяў Сабянін не паведаміў.
Нагадаем, у ноч на 13 кастрычніка маскоўскія аэрапорты таксама «паралізавала» масіраваная атака дронаў.